Андрэй Дзмітрыеў: Адна з прычынаў майго звальнення – супраца з Някляевым


Андрэй Дзмітрыеў мяркуе, што яго звольнілі з пасады кіраўніка камісіі ў міжнародных пытаннях Аб’яднанай грамадзянскай партыі, бо падчас прэзідэнцкай кампаніі ён ачольваў штаб Някляева. “Гэта, на жаль, унутрыпартыйная спроба разабрацца з тымі, хто паводзіў сябе не так, як гэтага хацелася б частцы кіраўніцтва”, – заявіў палітык у інтэрв’ю “Белсату”.

Учора ўдзельнікі паседжання Нацыянальнага камітэту АГП падтрымалі прапанову Станіслава Багданкевіча зняць Андрэя Дзмітрыева з пасады кіраўніка камісіі па міжнародных пытаннях.

Палітык заяўляе, што не бачыць сур’ёзных падставаў для такога рашэння. “Выбары паказалі, што ёсць два лагеры: лагер улады і лагер апазіцыі. І я ж не пайшоў працаваць да Лукашэнкі. Я пайшоў працаваць да кандыдата, які сёння з’яўляецца асноўным і самым цікавым кандыдатам ад апазіцыі”, – падкрэсліў Андрэй Дзмітрыеў. На ягоную думку, “Гавары праўду!” з грамадскай кампаніі ператварылася ў палітычную. “Было вырашана, што можа ўзнікнуць канфлікт інтарэсаў, з-за якога займанне пасады міжнароднага сакратара немэтазгоднае” – дадаў Андрэй Дзмітрыеў

Пытанне пра далейшы ўдзел у жыцці партыі экс-кандыдата на прэзідэнта, намесніка старшыні АГП Яраслава Раманчука, якое таксама было адным з галоўных на паседжанні Нацыянальнага камітэту, Андрэй Дзмітрыеў пракаментаваў так: “Ёсць некаторыя асабістыя моманты, чаму Раманчук сказаў тое, што сказаў. Я гэта магу зразумець па-чалавечы. Але я не згодны з тым, штó ён пачаў рабіць пасля гэтага, неяк абгрунтоўваць тое, што сказаў. Я лічу, што пасля такога ўчынку яму трэба было б сысці добраахвотна”.

belsat.eu

Стужка навінаў