Скарыны не аддадуць


Унікальныя кадры і ўнікальны асобнік. Арыгінал скарынаўскай Бібліі 1517 года прывезлі ў нямецкі горад Рэгенсбург і выклалі на агляд усіх зацікаўленых. Біблія прыехала з бібліятэкі гораду Гёрліц.



Яе працаўнікі падкрэсліваюць, што для іх Біблія – сімвал культурнага абмену, таго, які існуе сёння ды існаваў 500 гадоў таму. Кніга, надрукаваная беларусам, што адукацыю атрымліваў у галоўных еўрапейскіх цэнтрах, – супольная спадчына. Усяго на свеце такіх кніг – 258 экземпляраў.

{movie}Агляд падзеяў культуры (27.06.2013)|right|11364{/movie}

«Яна ўздоўж і ўпоперак вандравала па Еўропе і яднала людзей. Гэта і ёсць самае важнае: культурны абмен, які мінае межы краінаў», – зазначае дырэктар Верхнялужыцкай навуковай бібліятэкі ў Гёрліцы Матыяс Вэнцэль.

Для беларусаў жа натуральна пацікавіцца, ці мог бы гэты асобнік вярнуцца на радзіму славутага Францішка. Гэткае пытанне ўжо ўздымалася летась, калі Біблія на кароткі тэрмін выстаўлялася ў Менску. Тады працаўнікі Нацыянальнай бібліятэкі адлічбавалі кожную старонку. У будучыні яны плануюць выкласці ўсю Біблію на сайце бібліятэкі. Аднак пра вяртанне арыгіналу назаўжды можна толькі марыць.

«Мы не збіраемся яе прадаваць. Бо яна мае сваё гістарычнае месца ў Гёрліцы, у нашай навуковай бібліятэцы. Сюды яе прывялі розныя павароты гісторыі, і тут, нягледзячы на цяжкія часы, яе добра захавалі. У Гёрліцы мы будзем клапаціцца пра яе і надалей», – перакананы Вэнцэль.

У Бібліі можна пабачыць вядомую гравюру – аўтапартрэт Скарыны. Таксама гэтая кніга мае тытульную старонку. У асобніках, якія сёння захоўваюцца ў Беларусі, тытул ды гравюра страчаныя.

Іншыя тэмы: Аматарскія «Дзядзькі» з Менску, Кішынёва ды Масквы далі расслаблены канцэрт у сталіцы. Уладальнікі i-pad’аў атрымалі магчымасць бясплатна пампаваць краязнаўчую праграму пра Беларусь.

Адэля Дубавец, belsat.eu

Стужка навінаў