146 семʼяў чакаюць: знясуць улады іхныя дамы ці пакінуць?


Пляцоўка, поўная дзяцей, але толькі сёння. Жыхары не могуць засяліцца ў свае дамы. Менскі райвыканкам пастанавіў іх знесці.

Знішчыць могуць адразу 10 новых дамоў на вуліцы Рачная ў Ратамцы – дабудаваных, з ужо створанай інфраструктураю, але не ўведзеных у эксплуатацыю. Пра гэта на прыёме жыхарам заявілі самыя чыноўнікі.

«Вусна нам было пра гэта паведамлена, што прынята рашэнне пра знос дадзенага комплексу. Больш ніякіх тлумачэнняў не давалі. Паведамілі, што дадзены дакумент накіруюць забудоўніку», – адзначыў будучы жыхар Аляксей Рымша.

На сустрэчы з жыхарамі прадстаўнік забудоўніка паабяцаў, што зносіць дамоў не будуць. Ніякіх адпаведных дакументаў у кампанію «Драйрона» не прыходзіла. Разам з тым прадстаўнік прызнаў, што парушэнні сапраўды былі.

«На сённяшні момант вынікі сумеснай праверкі пракуратуры, аблвыканкаму, райвыканкаму, паказалі, што ТАА «Драйрона» парушыла некаторыя нарматыўныя акты, заканадаўчыя, дзесьці–штосьці, якія прывялі да самавольнага будаўніцтва», – заявіў галоўны спецыяліст па маркетынгу «Драйроны» Аляксей Мірашнічэнка.

Заканадаўства абавязвае зносіць самавольныя пабудовы, калі ёсць значныя парушэнні, але забудоўнік сцвярджае, што ў гэтым выпадку гаворка вядзецца пра дробныя адхіленні. Адказу на тое, што ж парушана, не) даў. Каб жыхары змаглі засяліцца, забудоўніку неабходна выканаць шэраг абавязкаў. Аднак грошай на гэта таксама няма.

«Мы знойдзем сродкі, паўтараю, гэта будуць заёмныя сродкі, і выканаем усе неабходныя мерапрыемствы, якія ад нас патрабуе дзяржава, для таго, каб увесці гэты аб’ект у эксплуатацыю», – абяцаў Аляксей Мірашнічэнка.

Дарэчы, раней забудоўнік абяцаў, што дамы будуць здадзеныя ў канцы 2015-га года.

«Хацелася б ужо як мага хутчэй атрымаць дакументы і пераехаць жыць у сваю кватэру. Бо жывем з бабулямі-дзядулямі, нас 8 чалавек, жывем у адной кватэры», – заўважыла будучая жыхарка Крысціна Падгайская.

Пакуль 146 сем’яў чакаюць на развязанне гэтай справы і спадзяюцца, што ўлады зменяць сваё рашэнне.

Вольга Чайчыц, «Белсат»

Стужка навінаў