Пацярпелыя ад выбуху чакаюць суда над Арынічам


Жыхары Пінску даўно чакаюць суда над былым кіраўніком «Пінскдрэву», у час кіраўніцтва якога адбыўся выбух, які забраў жыцці 14 асобаў.

25 чэрвеня стала вядома пра затрыманне збеглага Ларана Арыніча ў Італіі па лініі Інтэрполу. Пра гэта паведаміў намеснік генеральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук.

Адзін з пацярпелых рабочых Алег Смірноў даведаўся аб затрыманні Ларана Арыніча ад карэспандэнта «Белсату». «Я упершыню ад вас пра гэта чую… Я лічу, што яго, вядома ж, мусяць пакараць. Ён зрабіў непрыгожы ўчынак у адносінах да родных загінулых людзей. Яму трэба было інакш сябе весці, і былі б іншыя да яго адносіны… А так, хацелася б, вядома, каб хоць як пакаралі», – зазначае ён.

Спадар Смірноў у выніку выбуху на «Пінскдрэве» атрымаў моцныя апёкі ды стаў інвалідам другой групы. Рабочаму зрабілі некалькі пластычных аперацыяў на твары, але ён кажа, што рабіць іх давядзецца яшчэ. У выніку інваліднасці Алег Смірноў страціў працаздольнасць і цяпер больш займаецца лекаваннем.

Былы рабочы кажа, што будзе сачыць за далейшым лёсам Ларана Арыніча і, калі яго вернуць у Беларусь, пойдзе на суд над былым дырэктарам.

Выбух на прадпрыемстве «Пінскдрэў» адбыўся 25 кастрычніка 2010 года. Дзве асобы загінулі адразу, яшчэ 12 памерлі ў лякарнях. Пяць асобаў сталі інвалідамі.

Траіх асобаў з кіраўніцтва прадпрыемства асудзілі на 3–4 гады пазбаўлення волі ды ўмоўны тэрмін. Кіраўнік холдынгу «Пінскдрэў» Ларан Арыніч у час следства збег за мяжу. У 2012 годзе яго затрымалі ў Польшчы і накіравалі пад нагляд паліцыі, потым захаду стрымання замянілі на заклад. Але Ларан Арыніч збег з-пад закладу. Толькі 25 чэрвеня 2013 года стала вядома пра затрыманне яго Інтэрполам у Італіі.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў