Расейская вайсковая авіябаза будзе ў Лідзе. На гэтым не скончыцца?


«Гэта толькі першы крок. З часам расейскіх войскаў у Беларусі будзе толькі больш», – мяркуе вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Расейская авіябаза будзе дыслакавацца ў Лідзе і пачне функцыянаваць ужо ў 2013 годзе. Пра гэта паведаміў генерал-лейтэнант Віктар Бондараў, галоўнакамандуючы ВПС РФ: «Стварэнне расейскай авіябазы ў Беларусі – гэта вынік выканання міжурадавага пагаднення аб умацаванні ваеннага складніка Саюзнай дзяржавы. Як чалец Саюзнай дзяржавы, Расея абавязаная сфармаваць і мець там сваю авіябазу».

Уладкуе базу беларускі бок, Расея будзе ў гэтым дапамагаць. Зараз у Лідзе дзее вучэбна-штурмавая авіябаза беларускіх узброеных сілаў, а сам аэрадром паўстаў яшчэ ў 1912 годзе і быў адным з першых на тэрыторыі колішняй Расейскай імперыі.

Як цяпер выглядае вайсковы гарадок у Лідзе, куды маюць неўзабаве засяліцца расейскія жаўнеры, – на відэа.

{movie}Вайсковы гарадок у Лідзе. Хутка ў гэтыя дамы заселяцца расейскія афіцэры|right|11343{/movie}

Паводле Бондарава, на лётнішчы ў Лідзе не спатрэбіцца ставіць новыя аб’екты: «Будаваць там нічога не трэба, там усё ёсць». Менавіта з гэтай прычыне, мяркуе вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін, расейская база і размесціцца ў Лідзе. База ў Баранавічах, якая магла б прыняць расейцаў, можа быць перагружанай, а жыллёвыя ўмовы для службоўцаў – неадпаведнымі.

Расея паставіць у Ліду мадыфікаваныя знішчальнікі Су-27СМ3, першасная задача якіх – перахват, адзначыў адмысловец, хоць самалёты вельмі добра абсталяваныя і могуць выкарыстоўвацца пры нападзе.

Віктар Бондараў таксама паведаміў, што на першапачатковым этапе база будзе расейскай, потым – будзе бачна. Аляксандр Алесін мяркуе, што Расея не зацікаўленая, каб «у кожнай беларускай вёсцы быў свой самалёт», таму будзе імкнуцца захаваць кантроль над аб’ектам: «Расея правярае, у якой ступені Беларусь гатовая да вайсковай інтэграцыі. З цягам часу прысутнасць расейскіх войскаў у Беларусі будзе толькі пашырацца, улічваючы, што ў нашай краіне старэе тэхніка, а грошай на новую не стае. Варта чакаць, што ў Беларусі з’явяцца расейскія базы сілаў спецаперыцыі».

Беларускі бок паведамлення расейскага генерала пакуль не каментуе.

23 красавіка на сустрэчы ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу заявіў, што да 2015 года РФ мае размясціць у Беларусі знішчальны авіяполк. Паводле яго, у 2013 годзе плануецца стварыць у Беларусі авіяцыйную камендатуру і паставіць першае дзяжурнае звяно баявых знішчальнікаў.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu, з выкарыстаннем матэрыялаў БелаПАН

Стужка навінаў