Забарона на мак: у барацьбе з наркотыкамі знішчаем народную культуру?


Падчас штогадовай антынаркотыкавай праграмы беларуская міліцыя шукае мак на градах прыватных гаспадарак. Штрафам караюць нават за адну кветку, пасаджаную дзеля прыгажосці. У выніку ў вёсках больш не вырошчваюць маку, знікае частка беларускай народнай культуры.



2 мільёны рублёў штрафу за кветку маку



Згодна з беларускім заканадаўствам, за пасеў і вырошчванне маку без мэты яго збыту ці вырабу наркатычных сродкаў прадугледжваецца адміністратыўнае пакаранне ў выглядзе штрафу да 20 базавых велічынь. Калі ж дакажуць, што мак вырошчваецца з мэтаю збыту ці вырабу наркотыкаў, гэта пацягне крымінальную адказнасць.

А ад штрафу не ўратуе ні няведанне пра закон, ні тое, што мак гаспадар вырошчвае, каб любавацца на яго квецень ці потым выкарыстоўваць як начынку для булачак. Пад забаронай – опійны і алейны мак, але падчас правяранняў не надта ўнікаюць ў тонкасці батанікі, і таму штраф можна атрымаць за любы мак на клумбе. Як патлумачылі ва Упраўленні наркакантролю і перадухілення гандлю людзьмі, такія захады маюць папярэдзіць магчымае злачынства, бо наркаманы могуць зрабіць наркотык з любога маку, нават дэкаратыўнага.

Праз месяц-два ўлады плануюць ухваліць адпаведны дэкрэт, паводле якога за незаконны распаўсюд насення маку будзе пагражаць штраф да 8 тыс. еўраў разам з канфіскацыяй рухомай ды нерухомай маёмасці. Гэта мае дапамагчы ў змаганні з найбольш пашыраным у Беларусі наркотыкам – опіем, бо пасля з’яўлення Мытнага саюзу імкліва расце абарачэнне наркотыкаў, якія трапляюць да нас з Расеі.

Падрабязнасці – у архіўным відэаматэрыяле “Аб’ектыву” пра штрафы за распаўсюд насення маку.{movie}Архіўны матэрыял “Аб’ектыву” пра штрафы за распаўсюд насення маку|right|11341{/movie}

Не кожны мак аднолькава наркатычны

Як распавёў Святаслаў Лазарэвіч, доктар біялагічных навук, дацэнт кафедры батанікі і фізіялогіі раслінаў Сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, відаў маку ў прыродзе існуе больш за 50, і не ўсе яны аднолькава наркатычныя. Наркатычнасць маку залежыць ад алкалоідаў. “Калі робіш надрэз на сцябліне ці каробачцы маку, выступае сок. На паветры сок застывае, і атрымліваецца тугая маса – опій, які ўтрымлівае алкалоіды. Колькасць і віды алкалоідаў могуць быць розныя. У алейным маку, напрыклад, алею больш, чым опію”, – патлумачыў эксперт.

Спадар Святаслаў адзначыў, што мак традыцыйна выкарыстоўваўся ў беларускай гаспадарцы, як, зрэшты, і іншыя расліны, якія сёння трапілі пад забарону: “Раней у нас расло шмат тых жа канопляў, іх садзілі пад яблынямі, бо эфірныя выдзяленні адпужваюць пладажорку. Людзі спакон вякоў не ўжывалі ніякай хіміі ды мелі экалагічна чыстую прадукцыю. Тое ж з макам – з яго рабілі алей, ужывалі ў ежу, у медычных мэтах”.

Мак знікае з беларускай народнай культуры

Раней вырошчвалі мак, а цяпер усе баяцца, – распавядае Надзея Данілава, жыхарка вёскі Заазер’е Рагачоўскага раёну. – Вось тут у суседкі колькі гадоў таму ўбачылі ды штраф далі. Міліцыя ездзіць, прыглядацца сталі. І па тэлевізары кажуць: усё шукаюць, дзе мак, знішчаюць усё. Раней такога не было, а цяпер што выдумалі? А раней як? Галоўку маку разрэжаш, усыпіш зярняткі ў рот і ясі, і смачна. Булкі рабілі з макам. Тады, здаецца, ніхто і не ведаў пра тыя наркотыкі”.

Алена Антановіч, магістр гістарычных навукаў і эксперт у беларускай традыцыйнай кухні пацвердзіла, што мак у беларускай культуры займаў важнае месца, і паўсюдна вырошчваўся яшчэ да сярэдзіны ХХ ст. “14 жніўня святкуецца Мядовы Спас, які па-іншаму завецца Макавей, – распавяла спадарыня Алена. – На гэта свята рабілі букеты з макавымі кветкамі, якія асвячалі ў царкве. Абавязкова гатавалі нешта з мёдам і макам. Зярняткамі маку ў гэты дзень пасыпалі людзей і хатнюю жывёлу – на дабро”.

Існавала шмат страваў з маку – макоўнік, маканіна для галушак, бульбяны пірог з макам. Мак заўсёды дадавалі ў калядную і памінальную куццю, у велікодныя кулічы. Алена Антановіч адзначае, што забарона на мак адмоўна ўплывае на традыцыйную гастранамічную культуру ў беларускай вёсцы – традыцыя ўжывання маку ў кулінарыі папросту знікае.

У Еўропе і ЗША макамі прывабліваюць турыстаў

У Еўропе сёння няма такой строгай забароны на мак. Шмат у якіх еўрапейскіх краінах вядзецца селекцыйная праца дзеля атрымання гатункаў маку з нізкім узроўнем марфіну. З Еўропы мак імпартуюць краіны СНД. А ў пэўных мясцінах мак выкарыстоўваецца ў ландшафтным дызайне: ім упрыгожваюцца тэрыторыі палацаў і замкаў. Што праўда, растуць там макі пад строгім кантролем. Макавыя палі можна пабачыць на поўдні Украіны, у Чэхіі, Іспаніі, Францыі, Брытаніі, дзе ў графстве Ўілтшыр на квітучыя макавыя палі запрашаюць турыстаў. А ў ЗША, у Каліфорніі, маецца нават адмысловы Запаведнік макаў, які месціцца ў даліне Антылопы. Там растуць макі з чырвона-залацістым колерам пялёсткаў.

ММ, belsat.eu

Стужка навінаў