У Маладзечне адрадзілася суполка ТБМ, каб супрацьстаяць русіфікацыі


Пашыраць родную мову сярод жыхароў Маладзечна будуць сябры мясцовай арганізацыі Таварыства беларускай мовы, якая адрадзілася пасля перапынку.

На канферэнцыі рэгіянальнай структуры гэтай арганізацыі пастанавілі аднавіць і актывізаваць дзейнасць. Кіраўніком маладзечанскага ТБМ абралі юрыста і багаслова Генадзя Фарыно.

Спадар Фарыно распавёў, што адна з першых задачаў – паўплываць на тапанімічную камісію Маладзечанскага райвыканкаму, каб некаторым вуліцам вярнулі гістарычныя назвы.

Мы спадзяемся, што з абраннем новага кіраўніцтва арганізацыя актывізуе дзейнасць. Маладзечна і суседнія раёны – камфортныя для дзейнасці ТБМ. Мясцовае насельніцтва досыць актыўна карыстаецца беларускаю моваю”, – кажа Генадзь Фарыно.

Кіраўнік Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў распавёў “Белсату”, што лічыць Маладзечаншчыну вельмі важным рэгіёнам для дзейнасці арганізацыі: “Не забывайце, што Маладзечна доўгі час было абласным горадам. Да 1960 года існавала вобласць Маладзечанская. І ў часы першага адраджэння Маладзечна займала адну з першых пазіцыяў у плане беларусізацыі, асабліва калі там былі Карпенка і Ганчар у кіраўніцтве. Але потым сітуацыя змянілася, адныя адышлі ў лепшы свет, другія выехалі за мяжу, іншыя згубілі здароўе… І таму дзейнасць арганізацыі заняпала”, – распавёў Алег Трусаў.

Тым не менш, кіраўнік ТБМ адзначыў, што ў Маладзечне на сёння каля 40 сябраў арганізацыі, якія перыядычна плацяць сяброўскія складкі.

Аляксандр Манцэвіч – галоўны рэдактар незалежнай “Рэгіянальнай газеты”, якая выходзіць па-беларуску ў Маладзечне, – цёпла ставіцца да адраджэння мясцовай суполкі ТБМ: “Іхная дзейнасць тут вельмі актуальная, бо таварыства з такою назваю магло б нешта рабіць, каб спыніць русіфікацыю візуальнай інфармацыі ў горадзе і раёне. Бо часта беларускамоўныя шыльды замяняюцца на расейскамоўныя. На маю думку, з гэтым актывістам ТБМ трэба змагацца”.

Спадар Манцэвіч згадаў адзін з выпадкаў такой русіфікацыі: назву кінатэатру “Радзіма” перарабілі на “Родина”. Рэдактар кажа, што газета звярталася да ранейшага міністра культуры Паўла Латушкі з гэтаю праблемаю, але адказу не атрымала. Таму Аляксандр Манцэвіч лічыць, што ТБМ мае надаваць розгалас такім выпадкам.

А мы, са свайго боку, гатовыя даць месца на нашых старонках, каб быць своеасабліваю трыбунаю для мясцовага ТБМ”, – кажа Аляксандр Манцэвіч.

Таварыства беларускай мовы дзейнічае ў Маладзечне з пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Тады менавіта і быў росквіт беларусізацыі. Аднак з цягам часу арганізацыя занядбалася, бо, як кажа Алег Трусаў, “бракавала добрых кіраўнікоў”. Каля дзясятка апошніх гадоў Маладзечанская суполка ТБМ існавала збольшага на паперы, фармальна. Цяпер жа, акрамя сплаты сяброўскіх унёскаў, маладзечанскія “тэбээмаўцы” маюць намер шырока заняцца дзейнасцю ў галіне папулярызацыі беларускай мовы.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў