Ініцыятары «Народнага рэферэндуму» абмеркавалі сваю ідэю з блогерамі


Прадстаўнікі кампаніі “Гавары праўду!”, руху “За свабоду” і Партыі БНФ паразмаўлялі пра сваю ініцыятыву на сустрэчы з блогерамі.

Лідар кампаніі Уладзімір Някляеў заявіў: “Нашыя людзі нядрэнна знаёмыя з матывацыяй і арганізацыяй рэферэндумаў. І сёння яны самі пачынаюць прапаноўваць ідэі наспелых пераменаў у дзяржаве”.

Эканаміст Сяргей Чалы задаў пытанне: ці не будзе слова “рэферэндум” асацыявацца ў грамадскай свядомасці з традыцыйнымі для апазіцыі трэндамі: са змяненнем дзяржаўнай сімволікі, з дазволам Лукашэнку займаць найвышэйшую пасаду без абмежавання тэрмінамі? Паводле ініцыятараў “Народнага рэферэндуму”, “старт кампаніі пераканаў у адваротным: грамадзяне глядзяць на гэта значна глыбей”.

“Сітуацыя ў краіне кардынальна мяняецца, і найперш для ўладаў. Але пры гэтым і давер да апазіцыі не ўзрастае: з’явілася электаральная яма”, – адзначыў намеснік старшыні руху “За свабоду” Юрый Губарэвіч.

Намеснік старшыні “Гавары праўду!” Андрэй Дзмітрыеў сказаў: “Наш план нарадзіўся, калі хочаце, ад безвыходнасці”. Дагэтуль дэмакратам не ўдавалася выйсці на доўгатэрміновае падтрыманне. А “Народны рэферэндум” – гэта спроба паглядзець інакш і на праблемы апазіцыі, і на праблемы людзей, і на той адрэзак часу, якога патрабуе выпраўленне сітуацыі, дадаў палітык.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў кажа, што адна са стратэгічных мэтаў ініцыятараў “Народнага рэферэндуму” – “стварэнне механізму зваротнай сувязі”.

Раней людзі не хацелі чуць пра глабальныя праблемы: яны, маўляў, у вас у Менску, а ў нас тут сваё – мост, дарога. Цяпер іншае: сваё, канечне, ім хочацца выправіць, але адначасова людзі ўжо разважаюць над агульнаю сітуацыяй і нацыянальнаю перспектываю”, – сказаў Някляеў.

Ініцыятары “Народнага рэферэндуму” таксама паведамілі, што плануюць абраць не больш за пяць пытанняў, якія можна было б вынесці на рэферэндум.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў