Золатавалютны рэзерв Беларусі скараціўся амаль на 14%


На сёння ён застаецца адным з найніжэйшых у Еўропе

Паводле папярэдніх звестак, міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі за студзень 2011 г. паменшыліся на 687,7 млн долараў ЗША.

Ва ўпраўленні інфармацыі Нацыянальнага банку адзначаюць, што такое зніжэнне золатавалютных рэзерваў – характэрная для студзеня з’ява. На гэта ўплываюць выкананне разлікаў у замежнай валюце па абавязацельствах мінулага года, традыцыйнае падзенне аб’ёмаў валютнай выручкі, якая паступае ў краіну, на фоне высокай патрэбы ў валюце для разлікаў за энерганосьбіты, а таксама падзенне цэнаў на каштоўныя металы на сусветных рынках.

Трэба адзначыць, што, нягледзячы на сезонны спад аб’ёму рэзерваў, сёлетняе зніжэнне актываў можна назваць істотным. Яно амаль удвая большае чым летась і ў чатыры разы болей у параўнанні з 2009 годам.

Для ўмацавання макраэканамічнай і фінансавай стабільнасці Нацбанк ажыццяўляе цэлы комплекс захадаў, накіраваных на рост аб’ёму золатавалютных рэзерваў, што, як плануецца, у 2011 годзе складзе не менш за 1,2 млрд долараў ЗША. Асноўным фактарам такога росту мае стаць прыцягненне наўпроставых замежных інвестыцыяў на чыстай аснове.

Алесь Іваневіч Belsat. eu

Стужка навінаў