Папа Рымскі спадзяецца дапамагчы ў аднаўленні дыялогу Менску з Захадам


У пятніцу, 21 чэрвеня, апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Кляўд’ё Гуджэроцці атрымаў аўдыенцыю ў яго святасці Папы Францішка. Раней магчымасць сустрэцца з Папам меў таксама сакратар Апостальскай нунцыятуры мансіньёр Філіпа Чампанэллі. Апостальскі нунцый перадаў Папу прывітанні ад кіраўніцтва Беларусі ды беларускага народу.

Папа Францішак выявіў глыбокія і актуальныя веды адносна рэлігійнай, палітычнай, культурнай ды сацыяльнай сітуацыі ў Беларусі. Пантыфік папрасіў перадаць ягоную салідарнасць і вялікую сімпатыю да Беларусі, асабліва да тых, хто пакутуе, а таксама выказаў надзею на тое, што з дапамогаю Святога Пасаду адносіны краіны з Захадам будуць паляпшацца шляхам павагі, дыялогу і ўзаемаразумення.

Папа зазначыў, што вельмі рады выказаць сваю салідарнасць з Беларуссю праз жэст асаблівай увагі, якога вельмі прагнуў: блізкі візіт яго эмінэнцыі кардынала Жана-Луі Тарана на юбілейныя ўрачыстасці ў Будславе. Пантыфік паабяцаў, што будзе маліцца аб паспяховым выкананні місіі кардынала. Яго святасць даў сваё добраславенне каталікам Беларусі, якіх ён ведае як адданых, верных і поўных энтузіязму дзяцей Каталіцкага Касцёлу – пасля вялікіх выпрабаванняў мінуўшчыны.

Папа папрасіў таксама перадаць прывітанне ўсім беларусам, а асабліва братам Праваслаўнай Царквы. На аўдыенцыі прысутнічаў і яго эмінэнцыя кардынал Тарчызьё Бэртонэ, дзяржаўны сакратар, які ўзгадаў пра свой візіт у Беларусь і пацвердзіў лінію Святога Пасаду, прадэманстраваную падчас візіту.

24 чэрвеня арцыбіскуп Кляўд’ё Гуджэроцці сустрэўся з кардыналам Таранам, з якім доўга размаўляў пра Беларусь і абмяркоўваў дэталі ягонага візіту ў краіну. Ад імя беларусаў апостальскі нунцый павіншаваў кардынала з імянінамі.

УШ, belsat.eu, паводле catolic.by

Стужка навінаў