Каля Менскай ратушы давалі джазу


Цягам трох чэрвеньскіх суботаў на плошчы Свабоды гралі джазмены і джаз-бэнды з Беларусі ды яшчэ дзевяці краінаў свету. Менчукам падаравалі па тры гадзіны жывой музыкі у кожную з трох суботаў.

Нават дождж не знеахвоціў жыхароў сталіцы. Украінцы з гурта «Pur:Pur» спадзяваліся на дзясятак-другі аматараў джазу, аднак пабачылі плошчу, забітую слухачамі.

«Я лічу, што атрымалася нават лепей, чымся мы разлічвалі. Мы прыдумалі імпрэзу, што змяняе фармат, прастору. Гораду не ставала такіх фестываляў пад адкрытым небам», – кажа Віктар Радзькоў, арганізатар свята, дырэктар фонду «Ідэя».

Радзькоў падкрэсліў, што сталічныя ўлады падтрымалі ідэю, і заклікае песімістаў, што кажуць пра немагчымасць рэалізацыі сваіх ідэяў, не баяцца, а брацца за працу.

Як зазначаў кожны другі наведнік адкрытага фестывалю, беларускай сталіцы не хапае падобных імпрэзаў ды ўвогуле руху. Будзем спадзявацца, што джазавыя суботы вернуцца і ў наступным чэрвені, тым болей што арганізатары спадзяюцца захапіць не толькі ратушу, але і іншыя сталічныя пляцоўкі.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў