Беларускія прадпрымальнікі збіраюць подпісы за выхад з Мытнага саюзу


Паводле старшыні грамадскага аб’яднання “Перспектыва” Анатоля Шумчанкі, прычына – увядзенне патрабаванняў тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюзу “Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці”.

Тэхнічны рэгламент абавязвае канчатковага рэалізатара (у тым ліку прадпрымальніка) прайсці праз дарагую працэдуру сертыфікацыі тавараў лёгкай прамысловасці ды маркіраваць адзіным знакам абарачэння прадукцыі на рынку дзяржаваў-чальцоў Мытнага саюзу. Дакумент пачаў дзеяць 1 ліпеня 2012 года, але для пераходу да яго патрабаванняў быў вызначаны перыяд да 1 ліпеня 2014 года, на працягу якога тавары маглі быць сертыфікаваныя як паводле рэгламенту, так і паводле беларускага заканадаўства. Аднак у Беларусі, дзе прадпрымальнікі раней былі вызваленыя ад сертыфікацыі, быў усталяваны тэрмін пераходу да 1 ліпеня 2013 года.

На прадпрымальніцкім форуме ў Менску выказалі незадаволенасць рэгламентам, заявіўшы, што ён паставіць іх на мяжу выжывання. Было сказана, што з 1 ліпеня яны гатовыя арганізаваць масавыя акцыі пратэсту, сысці ў вымушаныя адпачынкі, спыніць выплату падаткаў, калі патрабаванні дакумента не ўдасканаляцца.

Пазней стала вядома, што шэраг міністэрстваў і ведамстваў Беларусі рыхтуе супольную пастанову, згодна з якою для прадпрымальнікаў, якія плацяць адзіны падатак, да 1 ліпеня 2014 года будзе спрошчаны парадак сертыфікацыі. Тым не менш на форуме прадпрымальнікі негатыўна расцанілі гэты дакумент, сказаўшы, што ён складзены непісьменна і не прынясе якіх-небудзь станоўчых вынікаў.

“Меркаванне простых прадпрымальнікаў такое: на сённяшні дзень менавіта гэты геапалітычны суб’ект ставіць пад пагрозу нацыянальны бізнес Беларусі”, – сказаў Шумчанка.

Лідар аб’яднання паведаміў, што 27 чэрвеня прадпрымальнікі плануюць правесці аднадзённы папераджальны страйк супраць вядзення патрабаванняў тэхрэгламенту, тады ж будуць агавораныя дэталі кампаніі збору подпісаў за выхад Беларусі з Мытнага саюзу.

У. Ш., паводле БелаПАН, belsat.eu

Стужка навінаў