Працяг суда над Варламавым. Мадэльеру пагражае 5 гадоў калоніі


Апроч гэтага пракурор патрабуе канфіскацыі маёмасці ды забароны займаць кіроўныя пасады.

Абвінавачанне просіць асудзіць Варламава за здзяйсненне махлярства ў асабліва буйным памеры, крадзеж у буйным памеры, злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, прысваенне маёмасці ды ўхіленне ад аплаты падаткаў.

Вядомага беларускага мадэльера Аляксандра Варламава ўзялі пад варту 20 траўня 2011 года. Паводле звестак пракуратуры, Варламаў у інтарэсах уласнага прадпрыемства – “Агенцтва моды Сашы Варламава” – рэкламаваў яго ды платныя паслугі за кошт сродкаў дзяржбюджэту, якія вылучаліся на рэкламу фестывалю “Млын моды”.

Паводле інфармацыі абвінавачання, цягам 2005–11 гадоў Варламаў браў грошы за навучанне мадэляў, але не паведамляў пра гэта ў падатковую. Паводле следства, у розныя перыяды навучання такім чынам з Варламавым расплочваліся колькі дзясяткаў мадэляў. Яны плацілі ад Br 70 тыс. да амаль Br 2 млн у залежнасці ад тэрмінаў навучання.

Суд над Варламавым пачаўся 4 лютага 2013 года і цягнецца дасюль. Сваёй віны мадэльер не прызнае. У якасці пацярпелых у справе праходзяць больш за 350 асобаў, сведак – больш за 800. Матэрыялы справы складаюць 147 тамоў. Паводле следства, агульная матэрыяльная шкода, здзейсненая Варламавым, складае больш за Br 1200 млн.

У лютым паседжэнне суда перапынялася праз стан здароўя падсуднага – яму рабілі магнітна-рэзанансную тамаграфію.

У.Ш., паводле БелаПАН, belsat.eu

Стужка навінаў