Мір запрашае на «Спадчыну стагоддзяў»


З 28 да 30 чэрвеня ў замкавым комплексе пройдзе III міжнародны гістарычны фестываль «Спадчына стагоддзяў». На імпрэзе адновяць рыцарскі турнір, а таксама падрабязна прэзентуюць матэрыяльную культуру Заходняй Еўропы і ВКЛ XIV–XVI стагоддзяў.

На імпрэзу з’едуцца больш за 700 удзельнікаў з Беларусі, Польшчы, Расеі, Аўстрыі, Украіны ды іншых краінаў. Удзельнікі фестывалю – гэта найлепшыя прадстаўнікі клубаў гістарычнай рэканструкцыі, выканаўцы сярэднявечнай і фолк-музыкі, танцавальныя калектывы, майстры сярэднявечных рамёстваў і майстры вогненнага шоу.

Фестываль імкнецца ў падрабязнасцях рэканструяваць сярэднявечны рыцарскі турнір і жыццё палявога лагеру падчас яго. Імпрэза сумяшчае рэканструкцыю матэрыяльнай культуры рыцарскіх турніраў і поўнакантактныя баі паводле правілаў тых часоў. У адрозненне ад інсцэнізаваных, такія двубоі адрозніваюцца дынамізмам і захопліваюць гледачоў сваім азартам і непрадказальнасцю.

Гасцей чакае насычаная праграма: пешы і конны рыцарскія турніры, турнір лучнікаў і арбалетчыкаў, масавыя баі, інсцэнізаваная бітва і спаборніцтвы пікінераў. Не пакіне абыякавымі і шырокая культурная праграма – кірмаш рамёстваў, сярэднявечныя гульні ды танцы, выступы музыкаў, вогненнае шоу, майстар-класы, конкурсы і спаборніцтвы.

Фармат імпрэзы прадугледжвае максімальную заангажаванасць гасцей у фестывальны працэс. А для самых маленькіх зарганізуюць адмысловыя дзіцячыя пляцоўкі з анімацыяй.

Суполка імпрэзы ў «Укантакце».

belsat.eu

Стужка навінаў