"Шпіёнскія таямніцы". Куды падзеўся Эдўард Сноўдэн?


Шматлікія журналісты, якія набылі квіткі на рэйс “Аэрафлоту” Масква–Гавана, якім, як меркавалі, меў адправіцца Эдўард Сноўдэн, паведамляюць, што яго няма на борце.

Ягоную адсутнасць пацвердзіла крыніца “Інтэрфаксу” ў сілавых структурах. “Эдўарда Сноўдэна на борце няма, ён не паляцеў гэтым рэйсам”, – заявіў суразмоўца агенцтва.

Прамых авіярэйсаў з Масквы ў Эквадор няма.

Здраднік ці герой?

30-гадовы былы супрацоўнік ЦРУ Сноўдэн збег з Гавайскіх астравоў у Гон-Конг у траўні, незадоўга да з’яўлення ў прэсе выкрывальных артыкулаў пра сакрэтныя аперацыі амерыканскіх спецслужбаў і сачэнні ў інтэрнэце. З перададзеных ім матэрыялаў, сярод іншага, стала вядома, што амерыканскія спецслужбы атрымалі доступ да інфармацыі пра мільёны тэлефонных званкоў, а таксама да сервераў найбуйнейшых інтэрнэт-кампаніяў.

Грамадская думка ў ЗША падзялілася: хтосьці лічыць Сноўдэна героем, хтосьці – здраднікам. У ЗША яму прад’яўлена некалькі абвінавачанняў, сярод якіх – шпіянаж.

У Эквадор праз Маскву і Гавану?

Эдўард Сноўдэн меў вылецець з маскоўскага аэрапорту Шарамецьева, дзе ён правёў ноч па дарозе з Гон-Конгу, у Гавану. Адтуль маладзён меўся накіравацца ў Эквадор, у якога папрасіў палітычнага прытулку. У Шарамецьева Сноўдэн мог сустрэцца з паслом Эквадору, машыну якога ля будынку аэрапорту заўважылі рэпарцёры.

Раней паведамлялася, што Сноўдэн можа выехаць у Беларусь. Былы працаўнік ЦРУ шукае падтрымання перадусім у краінах, падкрэсліваюць адмыслоўцы, у якіх моцная антыамерыканская рыторыка і праблемы з захаваннем правоў чалавека.

Вашынгтон настойвае на экстрадыцыі

Вашынгтон чакаў ад уладаў Расеі, што тыя разгледзяць «усе наяўныя магчымасці», каб перадаць былога працаўніка ЦРУ і Агенцтва нацыянальнай бяспекі Эдўарда Сноўдэна ўладам ЗША.

Як заявіла прадстаўніца Рады нацыянальнай бяспекі Кэтлін Гэйдэн, Злучаныя Штаты таксама выказалі сваю нязгоду з уладамі Гон-Конгу і КНР у сувязі з тым, што яны дазволілі Сноўдэну вылецець з Гон-Конгу ў Расею.

«Гэткія паводзіны не спрыяюць умацаванню адносінаў ЗША з Гон-Конгам і КНР», – падкрэсліла Гэйдэн.

ЗША спрабавалі таксама дамагчыся выдачы Сноўдэна з Гон-Конгу, аднак гонконгскія ўлады сцвярджаюць, што амерыканскі запыт не аформілі належным чынам, і ў іх не было законных падставаў для таго, каб перашкодзіць вылету агента.

МЯ, belsat.eu, паводле Бі-бі-сі

Стужка навінаў