З Макея знялі санкцыі Еўразвязу (дапоўнена)


Міністра замежных справаў Беларусі Уладзіміра Макея выключылі са спісу асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕЗ. Гэткую пастанову прынялі сёння на паседжанні Рады міністраў замежных справаў ЕЗ у Люксембурзе.

У той жа час ён застаецца ў спісе асобаў, рахункі ды ўласнасць якіх на тэрыторыі ЕЗ замарожаныя.

«Рада спрашчае дыпламатычныя кантакты паміж ЕЗ і Беларуссю, – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Рады ЕЗ. – Каб палегчыць кантакты, Рада сёння прыпыніла забарону на ўезд для беларускага міністра замежных справаў Уладзіміра Макея. Макей застаецца ў спісе асобаў, у дачыненні якіх дзеяць абмежавальныя захады, але візавыя санкцыі ў дачыненні яго выкарыстоўвацца не будуць».

Гэтае рашэнне – не змена палітыкі ЕЗ у дачыненні Беларусі, падкрэсліваецца ў паведамленні. «ЕЗ працягне сваю палітыку крытычнага ўзаемадзеяння з Беларуссю, у тым ліку і сваю палітыку санкцыяў, у мэтах садзейнічання павазе правоў чалавека, вяршэнства закону і дэмакратычных прынцыпаў у Беларусі», – паведамляе прэс-служба.

Адзначаецца таксама, што Рада вернецца да гэтага пытання пры штогадовым пераглядзе санкцыяў у дачыненні Беларусі сёлета ў кастрычніку і вырашыць, ці працягваць прыпыненне санкцыяў.

Пра тое, што візавыя санкцыі ЕЗ супраць Макея могуць зняць у чэрвені, паведамляў тэлеканалу «Белсат» віцэ-прэзідэнт Еўрапарламенту Яцэк Пратасевіч, а таксама намеснік міністра замежных справаў Літвы Андрус Крывас.

Уладзіміра Макея ўнеслі ў «чорны спіс» ЕЗ у студзені 2011 года як кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, які меў дачыненне да жорсткага разгону акцыі пратэсту 19 снежні 2010 года і наступнага пераследу актывістаў апазіцыі.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў