Бэрлюсконі і Рубі: Сексу не было – быў толькі жарт


Экс-прэм’ер Італіі Сільвіё Бэрлюсконі ўжо ў панядзелак можа пачуць вырак у справе аб сексе з няпоўнагадоваю ды аб злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Але ў турму не пойдзе, нават калі суд прызнае яго вінаватым.

«Сексу не было»

Мільярдэра і медыямагната Сільвіё Бэрлюсконі вінавацяць у тым, што ён меў секс з няпоўнагадоваю танцоркаю падчас прыватнай вечарыны ў 2010 годзе. За гэта пракуроры патрабуюць пазбавіць яго свабоды тэрмінам на адзін год.

Былы прэм’ер-міністр Італіі зняпраўджвае гэтыя абвінавачанні. Паводле ягоных адвакатаў ды самага палітыка, тое, што адбывалася на вечарыне, было толькі «імітацыяй, жартам і шоу», насамрэч сексуальнага кантакту паміж ім і танцоркаю не было.

Мараканская танцорка Рубі, якая лічыцца ключавою фігураю ў справе, днямі пад прысягаю заявіла, што не мела сексуальнага кантакту з Бэрлюсконі.

Злоўжыванняў таксама не было?

Сільвіё Бэрлюсконі, фота abc.net.auСільвіё Бэрлюсконі, фота abc.net.auДругое абвінавачанне супраць Сільвіё Бэрлюсконі пракуроры лічаць больш важкім. За злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі яны просяць суд пакараць палітыка 5 гадамі зняволення ды забараніць яму займаць дзяржаўныя пасады.

У 2010 годзе тая ж танцорка Рубі трапіла пад арышт – яе вінавацілі ў крадзяжы бранзалеткі. Паводле пракурораў, Бэрлюсконі спрычыніўся да таго, каб суддзя, што разглядае справы супраць няпоўнагадовых, вызваліў Рубі з-пад варты. Адвакаты Бэрлюсконі настойваюць на тым, што пастанову вызваліць Рубі слуга Феміды прыняў без усякага ціску.

У турму Бэрлюсконі не пойдзе

Нават калі ў панядзелак падсудны пачуе абвінаваўчы прысуд, гэта не азначае, што ён трапіць за краты. Паводле італьянскага заканадаўства, «бліскучы Сільвіё» мае права на яшчэ дзве апеляцыі, а іх разгляд, паводле аналітыкаў, можа заняць не адзін год.

Паводле такога ж сцэнара Бэрлюсконі пазбягае пакарання за падатковае махлярства. Суд прызнаў яго вінаватым і пастанавіў пакараць чатырма гадамі зняволення. Аднак адвакаты падаюць апеляцыі ды ўсяляк зацягваюць разгляд справы, што дазваляе палітыку заставацца на свабодзе.

Міхась Ліхтаровіч, belsat.eu

Стужка навінаў