Чаму арган можна лічыць беларускім народным інструментам?


На колькі дзён жыхары Паставаў пазбавіліся цішыні. Тут адгрымела свята народнай музыкі «Гучаць цымбалы і гармонік». «Лета ў «Аб’ектыве».

Фестываль у Паставах адзначаецца ўжо 20-ы раз. Яшчэ ў 1990-ыя ён набыў статус міжнароднага ды стаў своеасаблівым форумам выканаўцаў на народных інструментах з блізкага і далёкага замежжа. Таму ў Паставах гучалі далёка не толькі цымбалы ды гармонік.

{movie}Чаму арган можна лічыць беларускім народным інструментам? («Лета ў «Аб’ектыве») |right|11300{/movie}

Хэрарда Эстрада, кіраўнік калектыву лацінаамерыканскай музыкі «Алі Прымэра» з Венесуэлы распавёў: «Асноўны прадстаўнік венесуэльскіх народных інструментаў – маленькая чатырохструнная гітара, якая называецца «куатра». Таксама мы выкарыстоўваем мандаліну, якая чымсьці нагадвае домбру. І на апошнім месцы – ўдарная секцыя, барабаны. У Беларускай народнай музыцы часта ўжываюцца цымбалы, а ў нашай – венесуэльская арфа».

Госць з Венесуэлы дадаў, што любіць музыку, таму забраў бы з сабою на радзіму ўсе беларускія інструменты, але найбольш яго цікавяць цымбалы: «Гэты інструмент вельмі прыгожа гучыць, але, у сваю чаргу, вельмі складаны для навучання».

«Я не ведаю, які б беларус вырас, не чуючы гукаў народных інструментаў. Можа, сталічныя жыхары і не чуюць іх, а мы, насельнікі правінцыі, мястэчак і вёсак з дзяцінства жывём у такім асяродку, калі побач з намі – музыкі, якія граюць на гармоніках, цымбалах, дудках. Раней не было ніводнага вяселля без гарманіста. І да гэтага часу на вяселлі запрашаюць музыкаў, каб тыя павабілі час гасцей, каб тыя маглі «тупнуць ножкаю», – падкрэсліла старэйшая навуковая супрацоўніца Пастаўскага краязнаўчага музею Таццяна Гарошка.

Падчас свята адбыліся выступы розных выканаўцаў і калектываў. Сваймі ўражаннямі падзяліліся ўдзельнікі мясцовага ансамблю «Паазер’е». «Тое, што вы чуеце на Пастаўскім фестывалі, пайшло ад нашых дзядоў, бацькоў. Гэта было і ёсць на Пастаўскай зямлі, і нам ад гэтага вельмі прыемна. Мы зберагаем, вельмі шануем гэта і спадзяемся, што наступныя пакаленні за намі таксама будуць гэтым займацца», – адзначыў кіраўнік калектыву Анатоль Собаль.

А ў святочныя дні фестывалю народнай музыкі адбылася яшчэ адная імпрэза – Дзень гораду. Мясцовы касцёл зрабіў свой падарунак паселішчу – тут адбыўся канцэрт арганнай музыкі. Ксёндз Анджэй Возняк падзяліўся пры нагодзе думкаю, чаму арган можна таксама лічыць народным інструментам: «Арган – гэта інструмент, які асацыюецца з Каталіцкім Касцёлам. Але можна сказаць, што арган настолькі беларускі народны інструмент, наколькі шмат ёсць сярод беларусаў вернікаў».

Глядзець праграму «Лета ў «Аб’ектыве» можна штопятніцу і штопанядзелак у межах «Студыі «Белсат», якая распачынаецца а 21:25. Прагляд магчымы на нашай старонцы ў анлайн-трансляцыі ды ў архіве праграмаў.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў