Беларускія вершы і музыка цягам тыдня гучалі ў рыбацкіх вёсках Скандынавіі (фота)


Завяршылася турнэ беларускіх літаратараў і музыкаў па Швецыі ды Нарвегіі.

З 12 да 19 чэрвеня беларускія літаратары Віктар Жыбуль, Вера Бурлак, Аксана Спрынчан, а таксама музыкі Піт Паўлаў і Яраш Малішэўскі падарожнічалі па мястэчках і рыбацкіх вёсках Скандынавіі. Разам з імі ў падарожжа выправіўся былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан. Удзел у турнэ ўзялі таксама шведскія літаратары: паэт, літаратурны крытык і перакладчык Сігб’ёрн Скодэн, пісьменніца Рагнэль Роз-Мары Гуўва, паэт Даньель Вікслюнд ды іншыя.

Спатканні прадстаўнікоў беларускай культуры са скандынавамі праходзілі звычайна ў мясцовых дамах культуры. Літаратары і музыкі з Беларусі не толькі распавядалі пра сваю краіну, але і чыталі вершы на беларускай мове і гралі беларускія мелодыі, дзякуючы чаму жыхары суровай Скандынавіі маглі адчуць дух і глыбіню аўтэнтычнай беларушчыны.

У апошні дзень турнэ жыхароў нарвежскага мястэчка Кёўтукейну ўзрушыў сваёй прамоваю Стэфан Эрыксан. Ён распавёў пра адзін снежаньскі вечар 2010 года. Тады спадар Эрыксан быў яшчэ паслом у Беларусі ды жыў у Менску.

Амбасадар атрымаў нечаканае тэлефанаванне з інфармацыяй, што паэт і кандыдат на прэзідэнта Уладзімір Някляеў быў жорстка збіты і кінуты ў турму. “Мне сказалі, што на Уладзіміра Някляева здзейснілі напад і збілі да смерці. Ён быў шпіталізаваны, але амаль голы быў перавезены з шпіталю сярод ночы людзьмі ў масках у турму”, – распавёў Стэфан Эрыксан, як падае literaryarcticjourney.blogspot.se

З турмы Уладзімір Някляеў пісаў лісты сваёй жонцы Вользе, якія спадар Эрыксан пераклаў разам з Янінаю Арловай на шведскую мову. Турэмныя лісты беларускага літаратара выйдуць у Швецыі асобнаю кнігаю на пачатку ліпеня.

Вершы беларускіх творцаў гучалі на вечарынах ў перакладзе на шведскую і нарвежскую мовы, а таксама на мову невялікага народу Скандынавіі – саамскую.

Апошні вечар літаратурнага турнэ беларусаў наведаў Уле Гэнрык Мага, першы саам, які ачоліў нарвежскі парламент і першы прэзідэнт Сталага форуму ААН у пытаннях карэнных народаў. Перад выступам беларусаў, прызнаўся ён, меркаваў, што гэта будзе звычайнае паэтычнае чытанне, але быў захоплены і крануты імпрэзаю.

Я так рады, што пайшоў туды! Я бачыў, як разнастайна падаюцца выразы, якая тут дасканалая прысутнічала гульня з моваю, як пераліваліся тоны, галасы, музыка… Гэты выступ быў не для дылетантаў”, – падкрэсліў Уле Гэнрык Мага, як падае literaryarcticjourney.blogspot.se

Нарвежскі дзеяч дадаў, што цяжка паверыць, што гэтак не далёка ад Швецыі жорстка парушаюцца правы людзей. “Але важна, што мы ведаем пра гэта”, – адзначыў Уле Гэнрык Мага.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары