«Смяротнае пакаранне? Ад гэтага цяжка адмовіцца»


Паводле кіраўніка парламенцкай групы для вывучэння праблематыкі смяротнай кары Мікалая Самасейкі, пытанне адмены смяротнай кары – гэта пытанне палітычнай волі кіраўніцтва краіны. “Але выявіць палітычную волю не заўсёды бывае так лёгка, як здаецца на першы погляд”, – падкрэсліў дэпутат.

«Не трэба ціснуць»

Беларусь гатовая да супрацы ва ўсіх пытаннях, у тым ліку і ў пытанні адмены смяротнай кары, але не ў выглядзе санкцыяў і ўльтыматумаў. Пра гэта заявіў старшыня Сталай камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў, кіраўнік парламенцкай групы, што вывучае праблематыку смяротнай кары Мікалай Самасейка на пасяджэнні круглага стала “Рэлігія і смяротная кара”.

Трэба ведаць менталітэт беларусаў, каб зразумець, што беларускі народ не прымае ціску звонку”, – падкрэсліў ён.

Самасейка таксама заклікаў прадстаўнікоў Рады Еўропы і Еўразвязу не звязваць дзейнасці працоўнай групы парламенту для вывучэння праблематыкі смяротнай кары з працаю судовай сістэмы. “Вельмі часта еўрапейскія калегі выказваюць здзіўленне: чаму, калі працуе нашая парламенцкая група, суды працягваюць выносіць смяротныя прысуды? – сказаў ён. – Як у любой дэмакратычнай краіне, парламент Беларусі не можа і не мае права ўмешвацца ў справы судовай улады. Таму я прасіў бы ўсё-такі зразумець гэта і прыняць”.

Самасейка таксама нагадаў, што на рэферэндуме 1996 года за захаванне смяротнай кары ў краіне выказаліся 80,44 % беларусаў. Пры гэтым дэпутат не выключыў, што такія вынікі, магчыма, былі і таму, што на выбар прапаноўваліся толькі два варыянты – пакінуць або скасаваць смяротную кару. “Не выключаю, што калі б там былі яшчэ варыянты ўвядзення мараторыю, пажыццёвага зняволення, то вынікі былі б іншыя”, – сказаў ён.

Смяротнае пакаранне прадугледжваюць 14 артыкулаў Крымінальнага кодэксу

Самасейка падкрэсліў, што такі від пакарання, як пажыццёвае зняволенне, быў уведзены ў беларускае крымінальнае заканадаўства ў 1997 годзе, а ўпершыню ўжыты ў 1998 годзе. Дэпутат таксама адзначыў, што цяпер 14 артыкулаў Крымінальнага кодэксу прадугледжваюць пакаранне смерцю, два з якіх – у ваенны час.

Паводле Самасейкі, з 1961 года ў Беларусі смяротная кара ўжывалася пераважна за забойствы з абцяжарвальнымі абставінамі, з 1981 года – выключна за такія злачынствы. “Адзіным выняткам стаў прысуд у справе аб выбуху ў менскім метро, дзе на смяротную кару асудзілі за тэрарызм”, – сказаў ён.

МЛ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў