Улады пераследуюць за міласэрнасць


У Шчучынскім раёне распачалі крымінальную справу супраць Аляксея Шчадрова, жыхара вёскі Аляксандраўка, які арганізаваў у вясковых хатах прытулак для бяздомных. Пра спадара Шчадрова і ягоную справу «Белсат» расказваў у праграме «Рэпартэр».

Цяпер спадара Шчадрова вінавацяць у дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Паводле пастановы маёра Сяргея Асовіка, аднаго з начальнікаў шчучынскай міліцыі, які разглядаў матэрыялы аб прытулку, Аляксей Шчадроў «арганізаваў дзейнасць… незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі ды забяспечыў умовы яе функцыянавання без рэгістрацыі ва ўсталяваным заканадаўствам парадку».

Аляксей Шчадроў сцвярджае, што ён не ствараў аніякіх арганізацыяў, а проста займаецца дабрачыннасцю, зладзіўшы месца побыту для бяздомных, алкаголікаў, наркаманаў і тых, хто нядаўна вызваліўся з турмы. Для гэтых асобаў спадар Шчадроў выкупіў некалькі вясковых хатаў, працуе з імі разам па гаспадарцы і моліцца ў адмыслова зладжанай каталіцкай капліцы, але ніякай секты не ствараў.

Віцэ-канцлер Гарадзенскай рымска-каталіцкай курыі Антоній Грэмза, юрысдыкцыі якой падпарадкоўваецца вернік Аляксей Шчадроў, таксама назваў дзеянні мужчыны прыватнаю дабрачыннай ініцыятывай, а не стварэннем нейкага сектанцкага руху.

Пра ўнікальны рэабілітацыйны цэнтр на Шчучыншчыне і падрабязнасці таго, як абяздоленыя знаходзілі там міласэрнасць і любоў – у відэа. Іншыя выданні праграмы “Рэпартэр” даступныя ў нашым архіве.{movie}”Рэпартэр”. Рэабілітацыйны цэнтр для тых, хто страціў усё|right|11267{/movie}

Паводле артыкулу 193.1 Крымінальнага кодэксу Шчадрову пагражае да двух гадоў турэмнага зняволення. Намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч адзначае, што ў 2011 годзе выйшлі высновы Венецыянскай камісіі адносна артыкулу 193.1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. У высновах, у прыватнасці, гаворыцца, што артыкул парушае Міжнародны пакт аб палітычных і грамадзянскіх правах і ёсць патэнцыйным інструментам для дзяржавы ў стрымліванні грамадскіх актывістаў, дае ўладам шырокія паўнамоцтвы ўмешвацца ў фундаментальнае права на свабоду асацыяцыяў, свабоду думкі, перакананняў ды іх выказвання.

За перыяд з 2005 да 2012 года 18 сябраў незарэгістраваных арганізацыяў былі асуджаныя паводле артыкулу 193.1. Пяцёра з іх – да пазбаўлення волі. Шмат хто з актывістаў атрымліваў ад пракурораў афіцыйныя папярэджанні з патрабаваннямі спыніць дзейнасць у незарэгістраваных арганізацыях. У судах аніводная справа паводле артыкулу 193.1 не была развязаная на карысць абвінавачаных.

МЯ, belsat.eu, паводле spring96.org

Стужка навінаў