Егіпецкія пратэстоўцы працягваюць блакаваць плошчу Тахрыр ў Каіры


https://youtu.be/sZ3y6FQ5uSc
Дэманстранты блакуюць галоўную плошчу сталіцы з 25 студзеня. Нават падчас спробы егіпецкага войска адкрыць дарогі да гэтай часткі гораду яны працягвалі трымаць асаду пры дапамозе перасоўных барыкадаў. Пратэстоўцы паабяцалі, што будуць рабіць гэта, пакуль прэзідэнт краіны Хосні Мубарак не сыдзе з пасады.

82-гадовы кіраўнік краіны заявіў, што хоча заставацца на сваёй пасадзе да наступных прэзідэнцкіх выбараў, якія маюць адбыцца сёлета ў верасні. Але абавязаўся не браць у іх удзелу. Гэтыя заявы не супакоілі мітынгоўцаў. Яны мяркуюць, што гэта папросту хітры ход Мубарака, які мае на мэце захаваць сваю ўладу.

Міжтым кіраўніцтва краіны і апазіцыя ўпершыню з пачатку канфлікту пачалі рабіць захады для вывядзення Егіпту з палітычнага крызісу. 6 лютага віцэ-прэзідэнт Амар Сулейман сустрэўся з прадстаўнікамі галоўных апазіцыйных групаў, у тым ліку і забароненай у краіне партыі «Браты-мусульмане».

«Дыялог яшчэ не прывёў нас да чаго-небудзь яснага, канкрэтнага ці адчувальнага, – каментуе вынікі сустрэчы прадстаўнік «Братоў-мусульманаў» Магамад Мурсі. – Патрабаванні застаюцца тымі ж, правы застаюцца тымі ж. Не было адпаведнай большасці [па патрабаваннях]. Мы атрымалі адказы на некаторыя пытанні, але сапраўды сур’ёзныя праблемы засталіся нявырашанымі. Мы працягваем прытрымлівацца нашых пазіцыяў».

Тым часам у сталіцу вяртаецца нармальнае жыццё. У нядзелю ў Егіпце быў працоўны дзень. Зноў адкрываюцца школы – упершыню не менш як за 7 дзён. Таксама тры гадзіны на дзень пачалі працаваць банкі – да іх дзвярэй цягнуцца доўгія чэргі людзей.

Але і дагэтуль на некаторых суседніх з плошчаю Тахрыр вуліцах стаяць танкі, што ўскладняе рух транспарту.

Алесь Іваневіч,

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары