Рапота: Я не веру, што грамадзяне Расеі ды Беларусі асуджаныя быць разам


«Я не веру ў шырока распаўсюджаны тэзіс пра тое, што грамадзяне Расеі ды Беларусі асуджаныя быць разам. Больш за тое, гэты тэзіс шкодны», – такое меркаванне выказаў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота, выступаючы 20 чэрвеня ў Менску на XV Сусветным кангрэсе расейскай прэсы.



Паводле яго, гэткае меркаванне асуджае на пасіўнае сузіранне падзеяў, а не на актыўнае спрыянне нейкім працэсам. «Мы будзем жыць разам, калі для гэтага будуць прыкладацца вельмі вялікія намаганні. Само па сабе нічога не прыходзіць», – падкрэсліў Рапота.

{movie}Рапота: Я не веру, што грамадзяне Расеі ды Беларусі асуджаныя быць разам |right|11266{/movie}

Чыноўнік задаўся пытаннем, што значыць такое «супольнае жыццё» краінаў «у цяперашніх умовах, калі ёсць уласны суверэнітэт дзяржаваў», і «якім чынам просты чалавек можа атрымаць выгады і задавальненне ад гэтых інтэграцыйных працэсаў». «Самае галоўнае ва ўсім гэтым тое, што грамадзяне адной дзяржавы не мусяць пачувацца іншаземцамі на тэрыторыі іншай дзяржавы. Гэта асноўная мэта нашай інтэграцыйнай працы», – заявіў дзяржсакратар.

Разважаючы пра ролю кангрэсу ў справе ўзаемнага разумення паміж дзяржавамі на аснове адзінай мовы, Рапота нагадаў ходкае меркаванне, «што людзі, якія размаўляюць на адной мове, мусяць аўтаматычна імкнуцца да паразумення».

«Але гэтак не адбываецца, – канстатаваў чыноўнік. – Тым не менш, не важна, на якой мове мы размаўляем, важна, каб мы разумелі адно аднаго. Бо на постсавецкай прасторы часта адбываюцца канфлікты сярод народаў, якія размаўляюць на адной мове. Таму, калі збіраецца такі склад, як сёння, з імкненнем не толькі падтрымаць расейскую мову і культуру, але і ўзаемным разуменнем, то гэта вельмі важна, гэта высакародная місія».

XV Сусветны кангрэс расейскай прэсы праходзіць у Менску 19–23 чэрвеня. Яго зарганізавала Сусветная асацыяцыя расейскай прэсы і беларускае дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА пры падтрыманні расейскага інфармагенцтва «ИТАР-ТАСС», Міністэрства інфармацыі, МЗС ды іншых органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі.

У форуме ўдзельнічаюць прадстаўнікі расейскамоўных дыяспараў прыблізна 60 краінаў, усяго звыш 200 рэдактараў, журналістаў, выдаўцоў.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў