Апрача трактароў на беларускіх складах «пыляцца» мяса, футра і каньяк


Спыніць заводы і правесці дэвальвацыю – такі рэцэпт выйсця з сітуацыі прапаноўвае эканаміст Леанід Заіка.

Сёлета б’е рэкорды лік незапатрабаваных трактароў і сельгастэхнікі. Паводле Белстату, на складах назбіралася 11 200 трактароў, што амаль удвая перавышае сярэднямесячны аб’ём іх вытворчасці.

Але “залаты запас” краіны – гэта не толькі трактары. Незапатрабаваная прадукцыя ёсць амаль у кожнай сферы прамысловасці. Як падае Белстат, найбольш у нас цяпер запасаў абутку і скураных вырабаў – іх запасы амаль у 3 разы перавышаюць сярэднямесячную вытворчасць. На склады трапляе таксама вялікі адсотак харчовай прадукцыі, сярод іншага – каньяку і мясных вырабаў. Амаль у 8 разоў больш за месячную вытворчасць маем на складах вопраткі ды вырабаў з футра.

Колькасць складскіх запасаў у некаторых сферах прамысловасці сёння перавышае сярэднямесячны аб’ём вытворчасці больш як у 7 разоў. Прадпрыемствы тым часам працягваюць залазіць у крэдыты, а Белстат імкнецца пераканаць, што сітуацыя пад кантролем, агучваючы, што на 1 чэрвеня запасы зменшыліся на 1,4 %. Але з агаворкаю – гэта змяншэнне не ў рэальнай наяўнай колькасці прадукцыі на складах, а ў яе коштавым эквіваленце. Эканаміст Леанід Заіка лічыць, што на гэтую лічбу ўвогуле не варта звяртаць увагі, бо яна не адлюстроўвае рэальнага стану рэчаў, а пры сённяшніх аб’ёмах затаваранасці складаў не мае ніякага істотнага значэння.

Запасы гатовай прадукцыі на беларускіх прадпрыемствах у 2013 годзе павялічваюцца шалёнымі тэмпамі. Паводле Белстату, на 1 чэрвеня на складах застаецца прадукцыі на 46,3 % больш, чым на пачатку года. Гэта 81 % ад сярэднямесячнай вытворчасці. Цягам 2011–2012 гадоў аб’ём складскіх запасаў вагаўся на мяжы 50–60 %.

Леанід Заіка: Трэба закрываць прадпрыемствы і правесці дэвальвацыю

Паводле эканаміста Леаніда Заікі, перш за ўсё трэба пачаць вырабляць канкурэнтаздольную і запатрабаваную прадукцыю: “Трэба перагледзець тое, што вырабляюць нашыя прадпрыемствы. У Расеі пачалі выраб, напрыклад, элітных французскіх аўтамабіляў, па якія выстройваюцца чэргі. Па трактары “Беларус” ці бачылі вы чаргу?”

“Самае разумнае, што цяпер можна зрабіць, – гэта закрыць на лета палову прадпрыемстваў, перастаць працаваць на склады, пакінуць толькі інжынераў ды іншых, хто здольны прыдумаць, як пераарыентаваць вытворчасць на запатрабаваную прадукцыю. Непазбежнае звальненне працаўнікоў. І, зразумела, мусяць працаваць адукаваныя маркетолагі”, – адзначае эканаміст.

Яшчэ адзін крок, які, на думку Леаніда Заікі, можа дапамагчы хоць часткова разгрузіць склады, – гэта дэвальвацыя беларускага рубля.

“У Расеі як толькі экспарт упаў, адразу трохі адпусцілі рубель, у выніку прадукцыя патаннела і пачала прадавацца. У нас сёння долар мог бы каштаваць і 10 000. Але ўжо гэткая дэвальвацыя мела б свае вынікі, бо экспартныя кошты сталі б ніжэйшыя, а імпартныя тавары, наадварот, падаражэлі б, і тады нашыя трактары пачалі б прадавацца”, – мяркуе эксперт.

У той жа час старшыня Нацыянальнага банку Надзея Ермакова ў наўпроставай лініі “Народнай газеты” адзначыла, што дэвальвацыі сёлета ў Беларусі не плануецца.

М. М., belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары