Сын прэзідэнта + кіраўнік спецслужбаў = прэзідэнт?


Старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар вельмі непублічная асоба, рэдка можна пабачыць ягонае інтэрв’ю ў прэсе. 18 чэрвеня ва Украіне Аляксандр Лукашэнка прагаварыўся, што Віктар хоча стаць прэзідэнтам.

Пры гэтым кіраўнік Беларусі падкрэсліў, што не жадае яму прэзідэнцкага лёсу. Тым не меней ягоная заява ў прэсе абмяркоўвалася шырока, тым больш, што сказаў ён гэта ў час замежнай паездкі.

Сам жа Віктар Лукашэнка ніколі не выказваў прэсе сваіх пажаданняў стаць прэзідэнтам. Ён увогуле надзвычай рэдка з’яўляецца ў прэсе, хоць і займае высокую пасаду дарадцы прэзідэнта ў пытаннях нацыянальнай бяспекі. Тым не меней гэтак супала, што амаль адначасова з узгадваннем Віктара Аляксандрам Лукашэнкам, беларусы змаглі пабачыць старэйшага сына прэзідэнта ў эфіры Беларускага тэлебачання. Гэта была перадача, прысвечаная спецпадраздзяленню памежных войскаў АСАМ (Асобная служба актыўных мерапрыемстваў памежных войскаў Беларусі).

У гэтым падраздзяленні Віктар Лукашэнка служыў у 90-я гады. Падраздзяленне стварылі 31 траўня 1993 года. Да 1997 года ім кіраваў Генадзь Нявыглас, якому потым удалося пабыць і кіраўніком адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. У згаданым фільме БТ спадар Нявыглас распавёў, што АСАМ затрымаў парушальнікаў мяжы ў 4 разы болей, чымся ўсе памежныя войскі Беларусі.

Двойчы ў дакументальным фільме даюць слова і Віктару Лукашэнку, дзе ён распавядае пра гэты памежны спецназ, і ўзгадвае, як яму там служылася. «Адчуў, што такое і калі есці хочацца, і што такое, калі піць хочацца, а было гэта зімою – холадна было. Што гэта такое – хадзіць па глыбокім снезе». Каментар журналістам БТ Віктар Лукашэнка даваў у сваім шыкоўным кабінеце, які ўпершыню ўдалося пабачыць шырокай публіцы зусім нядаўна.

У часе паездкі ва Украіну Аляксандр Лукашэнка распавёў журналістам, што ягоны сын Віктар кантралюе Аператыўна-аналітычны цэнтр, «якому падначаленая верхавіна спеслужбаў». «Сын хварэе за бацьку, пракурор разумее, што ён падкантрольны, і суддзі разумеюць, што падкантрольныя», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Эксперты кажуць, што Віктар Лукашэнка сапраўды фактычна кіруе беларускімі спецслужбамі. «Упершыню Аляксандр Лукашэнка агучыў, што няма незалежнай ні судовай улады, ні заканадаўчай, ні праваахоўнай. І што і суддзі, і спецслужбы, і пракуроры падначаленыя Віктару Лукашэнку. Гэта – прамое парушэнне Канстытуцыі, якая гарантуе падзел галінаў улады. А, па-другое, ёсць заканадаўства, паводле якога нельга блізкім сваякам працаваць ў адной структуры ўладнай, нельга, каб адзін быў у прамым падпарадкаванні ў другога. Паводле Канстытуцыі, каардынацыю сілавых структураў ажыццяўляе Генеральная пракуратура, таму Аператыўна-аналітычны цэнтр забірае паўнамоцтвы пракуратуры. Фактычна з гэтага дня афіцыйна можна казаць, што ў нас няма раздзялення ўладаў», – зазначае Алег Воўчак, аналітык у галіне спецслужбаў.

Нягледзячы на тое, што сам Віктар Лукашэнка афіцыйна не выказваў жадання стаць прэзідэнтам, заява ягонага бацькі выклікала жывое абмеркаванне ў грамадстве. Пакуль жа Віктар застаецца «шэрым кардыналам» прэзідэнта і за рэдкімі выключэннямі пазбягае публічных выступаў.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары