Спрэчнае «Прэс-фота-2013». Ці пераможца быў саўдзельнікам катаванняў?


https://youtu.be/player_embedded&v
26 беларускіх фотажурналістаў, пераможцаў конкурсу “Прэс-фота Беларусі–2013”, узнагародзілі ў менскай студыі “Zнята”. Нягледзячы на скандал, звязаны з прызнаннем уладамі альбому з найлепшымі працамі 2011 года экстрэмісцкім, конкурс становіцца ўсё больш папулярным: сёлета здымкі даслала рэкордная колькасць удзельнікаў – 114. Пры гэтым мяняецца не толькі лік аўтараў, але і характар іхных працаў.

СЯРГЕЙ МІХАЛЕНКА, ФОТАПАРТАЛ «ZНЯТА»:
“Прэс-фатографы пачалі глядзець на рэчы больш шырока. Яны сталі звяртаць увагу не на гарачыя тэмы, а на тыя, над якімі трэба працаваць год, два, тры”.
{movie}Спрэчнае «Прэс-фота-2013» (19.06.2013)|right|11260{/movie}
Адна з такіх працаў, паводле рашэння журы, і атрымала сёлета Гран-пры конкурсу. Яе аўтар, фотакарэспандэнт міліцэйскай газеты “На страже” Вячаслаў Цуранаў, даслаў на конкурс серыю здымкаў людзей, асуджаных да пажыццёвага зняволення. На кожным з першых сямі фота зняволеныя сядзяць на крэсле, на апошнім – крэсла пустое.

ВЯЧАСЛАЎ ЦУРАНАЎ, ПЕРАМОЖЦА «ПРЭС-ФОТА БЕЛАРУСЬ–2013»:
“Усе ведаюць прымаўку: астрогу сцеражыся, а торбы не цурайся. З торбаю ўсё зразумела, а якога астрогу сцерагчыся? Напэўна, і такога таксама. У Гэмінгўэя было “Па кім званіць звон?”, а тут – “Для каго стаіць крэсла?”

Рашэнне журы наконт пераможцы не ўсе ўспрынялі адназначна. Былы палітвязень Зміцер Бандарэнка, які на ўласным досведзе ведае, як абыходзяцца з арыштантамі ў беларускіх турмах і як баляць рукі пасля кайданкоў і марозу, назваў фотасесію Цуранава здзекам з арыштантаў, а аўтара – саўдзельнікам катаванняў.

ЗМІЦЕР БАНДАРЭНКА, БЫЛЫ ПАЛІТВЯЗЕНЬ:
“Гэтых людзей прымушалі пазіраваць для гэтай фотасесіі. Гэтыя людзі заставаліся ўвесь час з кайданкамі на руках, за спінаю. Магу лічыць гэта катаваннем, таму вельмі здзіўлены рашэннем журы “Прэс-фота”, бо тут як мінімум згубленыя маральныя арыенціры”.

Няўжо ж сёлета Гран-пры “Прэс-фота” ўзяў здымак, зроблены пад прэсам ці, іншымі словамі, пад прымусам? Сябры журы з такім меркаваннем не пагаджаюцца.

СЯРГЕЙ ГРЫЦ, СЯБРА ЖУРЫ:
“Гэтыя абвінавачанні выстаўляюць яму не фатографы-прафесіяналы, калегі, але людзі, якімі кіруюць палітычныя матывы. Барацьба з рэжымам і гэтак далей. Вячаслаў, як сапраўдны прафесіянал, на ўсе сто адсоткаў выкарыстаў сваё службовае, чалавечае, творчае і прафесійнае становішча і зрабіў вельмі добры ў прафесійным сэнсе падбор здымкаў”.

Конкурс “Прэс-фота Беларусь” існуе з 2009 года. За гэты час ягоныя арганізатары не аднойчы зазналі пераслед з боку ўладаў. Летась у лістападзе на беларуска-літоўскай мяжы канфіскавалі фотаальбомы, выдадзеныя па выніках конкурсу 2011 года. Пасля Ашмянскі раённы суд прызнаў некаторыя здымкі экстрэмісцкімі, канфіскаваныя альбомы знішчылі.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары