«Парослыя сфагнумам сэрцы». Інтэрв’ю з Віктарам Марціновічам


Амаль увесь тыраж «Сфагнуму» разышоўся менш чымся за месяц продажаў. Якія глыбіні ўздымае раман, што зачароўвае і «пацана» з раёну, і дасведчанага інтэлектуала? Пра разборкі на багне, дылему мацюкоў і слёзы мужыка мы паразмаўлялі з аўтарам найноўшага бестселера.

Пра каго вы думалі, пішучы кнігу? Для «пацаноў» зашмат мудрагелістасці, а для інтэлектуала гэта, хутчэй, забаўляльная літаратура…

– Я намагаўся стварыць мультыкультурную рэч, якая рознымі людзьмі будзе чытацца па-рознаму. І, здаецца, мэта дасягнутая. Паважаны крытык Андрэй Расінскі адзначыў, што «Сфагнум» – гэта Маркес, прачытаны К’еркегарам. А «пацаны» непераборлівага інтэлектуальнага ўзроўню пішуць водгукі тыпу «файны дэтэктыўчык».

– Атаесамляеце сябе з кім-небудзь з герояў?

Гэтыя «пацаны» – і я, і не я. Кожны з іх спароджаны пэўным з маіх унутраных бесаў. Трызненне Хамяка ля фантомнага гораду – гэта мой боль і мой крык, слёзы Шульгі пад песню Чэчыльі Барталі – і мае слёзы.

Дарэчы, адкуль такія спазнанні ў «быдланскім» і турэмным жаргонах?

– Я жыў у «сур’ёзных» раёнах, кшталту Аўтазу, і гэта было своеасабліваю адукацыяй. Адзін знаёмы зэк, які з 40 гадоў свайго жыцця 25 правёў на зоне, навучыў мяне не лаяцца матам без патрэбы. Наагул рамкі іхнай уласнай этыкі нашмат больш строгія за нашыя.

«Сфагнум» стаў лідарам продажу «Белкнігі» сярод беларускамоўных кнігаў у траўні. Следам за папулярнасцю прыйшла вялікая крытыка?

– Негатыўных водгукаў хапае. Напрыклад, крытыкавалі маіх галоўных герояў, матывуючы тым, што сур’ёзная літаратура не бывае пра гопнікаў. Наагул, першыя дні я надта пераймаўся, чытаючы кепскія ацэнкі. Пачынаў спрачацца на форумах, як дурань. Так было з «Паранояй», так было і са «Сфагнумам». А «Сцюдзёны вырай» наагул не крытыкавалі, мабыць таму, што яго ніхто не чытаў…

ПРА НЕЦЭНЗУРШЧЫНУ

Друкаваная версія раману выйшла толькі на беларускай мове. Выдаўцы абмяжоўвалі Вас ва ўжыванні мацяршчыны?

– На прэзентацыі кнігі дзве спадарыні-філалагіні распачалі выкшталцоны тролінг адносна таго, чаму з беларускай версіі зніклі ўсе мацюкі. Бо расейскамоўны тэкст – гэта проста падручнік па шматпавярховым маце. Давялося апраўдвацца, што ў працэсе падрыхтоўкі папяровага выдання паўстала ўмова вычышчэння тэксту ад значнай часткі нецэнзуршчыны. Я быў засмучаны. Мне падавалася, што ў першым варыянце ёсць місія пазбаўлення беларускай літаратуры ад моўнай цнатлівасці, унёску шакавальнага элементу. Аднак, калі кніжка выйшла, частка чытачоў абурылася нават з мізэрнай колькасці мацюкоў, якую мы пакінулі. Аказалася, што аўдыторыя празмерна цнатлівая. Урэшце мы маем дзве розныя кніжкі: суперрэалістычны раман па-расейску і беларускамоўны тэкст амаль што для школьных падручнікаў.

ПРА МОВУ

На якой мове Вы пісалі раман?

– Раман быў цалкам напісаны на расейскай мове. Адразу яго набыла сусветнае агенцтва «Окно». Яшчэ ў выглядзе рукапісу «Сфагнум» патрапіў у лонг-ліст расейскай літаратурнай прэміі «Нацыянальны бестселер». Пераклад на беларускую выконваў Віталь Рыжкоў – чалавек-легенда, наш беларускі Жадан. Я планаваў адначасовае выданне расейскага і беларускага варыянтаў, але агенцтва не здолела хутка знайсці расейскага папяровага выдаўца. Таму на паперы выйшла беларуская версія, а расейская з’явілася ў інтэрнэце.

– А як жа расейскамоўныя, якія хочуць папяровую кнігу?

– Калі ласачка, вучыце беларускую мову або абыходзьцеся электронным варыянтам.

– Сувора.

– Беларусізацыя ў дзеянні!

Паводле якога прынцыпу ўжывалі трасянку?

– Трасянкаю гавораць мясцовыя жыхары. Але яна розная ў расейскай і беларускай версіях, бо тло мовы мае вялікае значэнне. Рэдактар Сяргей Сматрычэнка прыйшоў у жах ад арыгіналу трасянкавых фразаў. Таму трасянка ў беларускім варыянце была перакадаваная паводле мясцовых палескіх маўленняў.

А дзе тут логіка: міліцыянт Выхухалеў гаворыць на чыстай мове, а старшыня райвыканкаму – трасянкаю, хоць яны абодва мясцовыя?

– Выхухалеў жа скончыў Акадэмію міліцыі. А чыноўнік – плоць ад плоці насельніцтва, звычайны «калхазан», які проста прасунуўся па кар’ернай лесвіцы.

Дарэчы, міліцыя ў рамане паказана нязграбнаю. Вы першапачаткова задумвалі раман пра небараку-міліцыянта або гэты вобраз прыйшоў цягам напісання?

– Я задумваў свой твор як антыдэтэктыў. Па сюжэце звычайнага дэтэктыву знаходзяць нябожчыка, і следчы пачынае дакопвацца, хто ж забіў. Тут усё наадварот: знаходзяць забітага, а міліцыянт робіць усё, каб сапраўднага забойцу не знайшлі.

Такая гісторыя магла б здарыцца і ў Азербайджане, і ў Расеі. Што тут беларускага?

-Гэта, на мой погляд, глыбінныя адчуванні маёра Выхухалева: ягоны дыялог з Богам, адчуванне справядлівасці. Урэшце, пры ўсіх ягоных хібах ён ледзь не адзіны станоўчы персанаж у рамане. Канцэпт справядлівасці працуе праз ведзьмака Сцяпана, а міліцыя выступае прыладаю лёсу. Абсурд – толькі адна з прыладаў багнавых бажкоў, у чыіх руках трымаецца баланс нашых жыццяў.

ПРА ПАГАНСТВА



У рамане поўна эпізодаў побытавага і прафесійнага паганства. Дзе Вы пазнаёміліся з язычніцкімі традыцыямі?

– Я гадаваўся на вёсцы. Нягледзячы на тое, што нарадзіўся я ў Ашмянах, па нараджэнні мяне перавезлі да сваякоў бацькі ў Глускі раён Магілёўскай вобласці.

Вось адкуль сантыменты да Глуску…

– Канешне. У маленькай вёсачцы, атачонай лесам, дзе дзікі ходзяць па агародах і часам завітваюць ваўкі, усё і пачалося. Хоць у 3-4 гады бацькі забралі мяне ў Менск, усё адно запіхвалі ў вёску на летнія вакацыі. Бацька зараз знаходзіцца ў вёсцы, ён зачытаў сваякам па-беларуску фрагмент, дзе здымаецца праклён. Яны слухалі замову вельмі пільна, пачалі цікавіцца, адкуль я яе ведаю.

Вы яе выдумалі?

– Натуральна. Я не вядзьмак, а замова не спісаная з дыктафона этнографа. У дзяцінстве я не раз чуў, як замаўлялі ежу, ваду, як шапталі ад суроку. Беларуская магічная сістэма вартая Кастанэды, такая ж складаная. Мне падаецца, на вёсцы фактычна ўсе жанчыны заангажаваныя ў магію на побытавым узроўні. Калі гэтага недастаткова – звяртаюцца да адмысловых чарадзеяў.

БАГНА ЯК НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ



– Як казаў Сцяпан, «у вас у горадзе дысбаланс: той, хто мусіць быць драпежнікам, становіцца ахвяраю, і наадварот». Вы спрабуеце адкрыць наноў гарманічны беларускі свет, створаны паганскімі ведзьмакамі?

– Я намагаюся патлумачыць гарадскім людзям, што побач з імі знаходзіцца спрадвечны свет, з якога мы адною нагою выйшлі, а другой захраслі. Паводле свайго ўзаемадзеяння са светам мы засталіся паганцамі. Хрысціянства мае вялізарны ўплыў на нашу культуру, аднак яно не ўкараніліся так, як, скажам, у Заходняй Еўропе.

«Дагэтуль адчуваецца пэўны рэлігійна-каштоўнасны канфлікт у нашых стасунках з Еўропаю. І сутнасць яго не ў тым, што мы мангола-татары, а ў тым, што мы – людзі з багны».

– У гэтым нашая ўнікальнасць?

– Так. Найбольш да нас падобныя хіба што літоўцы. Тыя ж украінцы больш адкрытыя. Украінец вып’е – пачынае спяваць. Нам жа гэта не ўласціва. Беларус у стане ап’янення пачынае корпацца ў сваім балотным сэрцы.

– Ці дапасуецца багна і паганскія традыцыі да альтэрнатыўнага канструкту беларускай нацыі?

– Можа быць. У маім сэрцы багна існуе як неўсвядомлены страх, што жывеш у паралельным свеце, дзе цябе могуць лёгка сурочыць, вызначыць усе твае хібы так, што ў цябе проста мазгаўня з’едзе. Калі паразважаць, багну можна пераўтварыць у пазітыўную нацыянальную ідэю, якая нас усіх яднае і захоўвае. Пакуль што гэта нейкая інтуіцыя, якая лунае ў паветры, аднак не аб’ядноўвае людзей.

«Паглядзіце, тэма балота прысутнічае ўва ўсіх класічных пісьменнікаў – ад Мележа да Быкава. Цудоўны твор Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» – гэта аповесць пра балота, яно з’яўляецца адною з дзейных асобаў. Тая ж загадкавасць, нявызначанасць.

ПРА ВЕЧНУЮ ВАЙНУ

– У «Сфагнуме» прагаворваюцца балючыя пытанні вайны. Ці не баіцеся нападак за сцверджанне героя Вайчыка, што нямецкай акупацыі не было, а была толькі савецкая?

– Я чакаю нападак, давайце дыскутаваць. Мая аўтарская правакацыя палягала ў тым, каб сутыкнуць два светы. Для адных фашысты – найвялікшая траўма, ад якой мы дагэтуль не ачомаліся. Для іншых акупацыя была магчымасцю вярнуць незалежнасць. Гэта ідэя некаторых «эўрапейскіх» аўтараў, маніфесты якіх мы часам сустракаем у медыях. Але існаванне адвакатаў нацызму або «тупароў», для якіх Другая сусветная яшчэ не скончылася – не праблема. «Трабл» палягае ў адсутнасці нацыянальнага кансэнсусу ў тым, чым была вайна. Палова думае адно, 10 % – другое, астатнія нічога не думаюць. Як так можна? Якая мы нацыя, калі не можам вывесці агульнага нацыянальнага вызначэння?

– Інтэлігент Вайчык і «пацанчык» Серы ледзь пазбеглі «разборак» з гэтай нагоды. А нас чакае бойка наперадзе?

– Думаю, што не. Калі вы былі на балоце, то ведаеце, што кожны крок вымагае значных высілкаў. Біцца там немагчыма. На балоце можна сіпець, як змяя, рабіць дробныя паскудствы – карацей, усё тое, чым беларусы займаюцца стагоддзямі. А для бойкі мусіць быць рускае поле ці ўкраінскі стэп.

То бок нават у ХХІ стагоддзі прырода нас не адпускае?

– Не адпускае. Паглядзіце на малыя вёскі. Прыехалі камуністы, пабудавалі свінаферму, бібліятэку і клуб. Пасля 1991-га ўсё пачынае імкліва пусцець, маладыя з’язджаюць, і лясныя джунглі вяртаюцца. У нас праз 20 гадоў будзе 10-мільённы Менск і багна навокал. Застануцца аблцэнтры, на захадзе і ў цэнтры краіны захаваюцца паселішчы, а на ўсходзе, мабыць, вёскі проста знікнуць

Гутарыла Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў