Бомж намовіў студэнта ўзяць удзел у стварэнні біпалярнага чалавечага двайніка


Паводле падазрэння ў махлярстве ў Менску затрымалі 42-гадовага беспрацоўнага, раней неаднаразова судзімага, без пэўнага месца жыхарства мужчыну, які выдаваў сябе за праграміста.

Як паведамілі ў ГУУС Менгарвыканкаму, перабываючы ў месцах пазбаўлення волі, ён азнаёміўся з літаратураю ў інфармацыйных тэхналогіях, запомніўшы некалькі паняццяў, якія выкарыстоўваюцца ў праграмаванні наагул і, сярод іншага, у стварэнні камп’ютарнай графікі. Для здзяйснення ашуканскіх дзеянняў вырашыў скарыстаць наяўныя пазнанні.

Мужчына пазнаёміўся на вуліцы з 21-гадовым студэнтам. У ходзе гутаркі адрэкамендаваўся як праграміст і сказаў, што ў цяперашні час займаецца распрацоўваннем праекту камп’ютарнай праграмы для стварэння біпалярнага чалавечага двайніка. Пры гэтым настолькі ўвайшоў да хлопца ў давер, што той пагадзіўся аказаць дапамогу ў працы над праектам.

Падчас другой сустрэчы махляр паведаміў, што ўзніклі затрымкі з фінансаваннем і ён мае патрэбу ў матэрыяльнай дапамозе. Студэнт пагадзіўся дапамагчы. Цягам пяці дзён мужчына браў у яго невялікія сумы – ад Br 100 тыс. да 200 тыс. Пры чарговай сустрэчы мужчына сказаў, што зламаўся ягоны камп’ютар і для працы тэрмінова патрэбны ноўтбук. Нічога не падазраючы, хлопец перадаў яму ў часовае карыстанне свой ноўтбук. Махляр прадаў камп’ютар за Br 250 тыс.

Студэнт звярнуўся ў міліцыю толькі тады, калі «кіраўнік праекту» перастаў адказваць на званкі.

У ходзе правядзення вышуковых мерапрыемстваў зламысніка затрымалі. У мужчыны не аказалася пастаяннага месца жыхарства, таму яго правялі ў ізалятар часовага ўтрымання. Сума нанесенай шкоды склала каля Br 5 млн.

Цяпер міліцыя ўстанаўлівае іншых магчымых ахвяраў махляра.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў