«Белсат» падтрымае стварэнне беларускага архіву «ў выгнанні»


Незалежны тэлеканал далучыцца да ініцыятывы цэнтру «Карта» ў арганізацыі Міжнароднага беларускага архіву ў Польшчы.

Польская няўрадавая арганізацыя «Карта» абвесціла, што зоймецца зборам і архівізацыяй матэрыялаў «калектыўнай памяці беларусаў». У Міжнародны беларускі архіў у Варшаве маюць увайсці ўспаміны і публікацыі, дзённікі, мемуары, здымкі, фільмы і рэпартажы пра беларускую гісторыю XX стагоддзя.

Архіў адмыслова створаць у Варшаве, бо ўлады Беларусі не зацікаўленыя ў захаванні гістарычных сведчанняў, а часцяком фальсіфікуюць гісторыю, адзначаюць прадстаўнікі «Карты». «Міжнародны беларускі архіў будзе закладацца, каб дапамагчы незалежным арганізацыям і прыватным асобам з Беларусі ды замежжа, якія займаюцца зборам гістарычных крыніцаў, прысвечаных гісторыі беларускага народу, і выкрываюць «падробленую» гісторыю Беларусі», – адзначыў прадстаўнік арганізацыі Мацей Вырва.

Усе архіўныя матэрыялы будуць захоўвацца ў адмысловым месцы, а частку з іх алічбуюць і змесцяць для вольнага доступу. Некаторыя артэфакты, калі так пажадаюць іх уласнікі, будуць захоўвацца ў якасці сведчанняў эпохі без алічбоўвання і наўпроставага доступу.

Згодна з планамі, калекцыя трапіць у Менск, калі «той стане сталіцаю дэмакратычнай дзяржавы».

«Гэта вельмі патрэбная справа. Матэрыялы, якія ўвойдуць у Міжнародны беларускі архіў, могуць прыдацца, да прыкладу, даследчыкам беларускай гісторыі, беларускім кінадакументалістам», – падкрэсліў рэдактар «Белсату» Сяргей Пеляса.

«Карта» мае вялікі досвед працы ў стварэнні грамадскіх архіваў. Арганізацыя на пачатку 1990-х гадоў дапамагала закладаць у Менску Архіў найноўшай гісторыі. Польскі цэнтр супрацоўнічае таксама з беларускім таварыствам «Дыярыуш», якому «Карта» дапамагла алічбаваць і змясціць у сеціве прыблізна 3 тыс. старонак самвыдавецкіх часопісаў 1980–90-х гадоў мінулага стагоддзя. Гэтыя выданні маюць стацца асноваю лічбаваю бібліятэкі будучага Міжнароднага беларускага архіва.

«Белсат» плануе актыўна ўключыцца ў падтрыманне праекту і дапамагчы «Карце» збіраць матэрыял. Незалежны тэлеканал будзе інфармаваць грамадскасць пра ініцыятыву і асвятляць яе чарговыя этапы.

«Праект дае ўнікальны шанец захаваць для будучых пакаленняў сведчанні пра сучасную гісторыю Беларусі, атрыманую з першых крыніцаў, ад непасрэдных удзельнікаў важных для Беларусі падзеяў», – заўважыў Сяргей Пеляса.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў