Вольга Бандарэнка: Лекі для сваякоў перадаем наўздагад


Сваякі палітвязняў па-ранейшаму не маюць інфармацыі пра стан сваіх блізкіх.

Абвінавачаных у справе аб масавых беспарадках ды іхных сваякоў трымаюць у поўнай інфармацыйнай ізаляцыі. Вольга Бандарэнка, жонка Дзмітрыя Бандарэнкі, даверанай асобы былога кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава, апавяла “Белсату” пра збіранне перадачы. “Нават таблеткі перадаем наўздагад: пачулі, што бранхіт быў у Радзінай. Пайшоў грып – супрацьгрыпозныя прафілактычныя сродкі перадалі”, – кажа Вольга Бандарэнка.

Яна зазначае, што пасля прымання санкцыяў Еўразвязу сувязь са зняволеным мужам пагоршылася. “З 29 студзеня адвакат не трапіў ані разу. І паколькі не было следчых дзеянняў, з 29 студзеня яго ніхто не бачыў. І на момант адлігі “перад 31-м”, як мы называем, прыйшоў толькі адзін ліст ад яго. Былі нейкія надзеі, але пасля 31-га ўсе павярнулася ў адваротны бок”, – кажа Вольга Бандарэнка.

Паводле спн. Бандарэнкі, ініцыятыва “Вызваленне” збіраецца пісаць чарговы зварот да міжнароднай супольнасці ды прэзідэнту Расеі Дзмітрыю Мядзведзеву.

Алесь Іваневіч,

belsat.eu

Стужка навінаў