Маці «шпіёна» Андрэя Гайдукова дазволілі быць сведкаю на судзе


Віцебскі абласны суд, дзе праходзіць слуханне крымінальнай справы Андрэя Гайдукова, дазволіў ягонай маці выступіць у якасці сведкі, паведаміла віцебская праваабаронца Таццяна Севярынец, якая сочыць за ходам працэсу.

Закрыты суд над 23-гадовым Гайдуковым, якога абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве, пачаўся 12 чэрвеня. Як вынікае з раскладу, вывешанага ў будынку суда, слуханні працягнуцца як мінімум да канца гэтага тыдня, паведаміла Севярынец. «Мне раніцаю ўдалося сустрэцца з адвакатам. Ён кажа, што, мяркуючы па тым, як ідзе працэс, не выключана, што паседжанні могуць працягнуцца і на наступным тыдні», – зазначыла праваабаронца.

Адвакат дадаў, што хадайніцтва абароны аб тым, каб сведкаю на працэсе выступіла маці маладзёна, задаволілі, аднак, калі яе выклічуць у суд, – невядома.

14 чэрвеня Вольга Гайдукова напісала заяву на імя старшыні Віцебскага абласнога суда з просьбаю дазволіць спатканне з сынам, але адказу пакуль не атрымала.

Архіўны аўдыёзапіс тэлефоннай размовы з Вольгай Гайдуковай: {movie}Вольга Гайдукова пра арышт сына (Аўдыё) |right|11219{/movie}

Таямнічая справа

Аператара наваполацкага НПЗ «Нафтан» Андрэя Гайдукова, лідара незарэгістраванага грамадскага аб’яднання «Саюз маладых інтэлектуалаў» і актывіста аргкамітэту стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» затрымалі 8 лістапада 2012 года. Паводле версіі следства – «у момант закладкі тайніка са звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы». Пасля затрымання яго перавялі ў следчы ізалятар КДБ у Менск. Потым маладога чалавека неаднаразова перавозілі з Менску ў Віцебск і назад. Паводле арт. 356 Крымінальнага кодэксу («здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці»), Гайдукову пагражае ад 7 да 15 гадоў турмы.

На думку прадстаўнікоў апазіцыі і праваабаронцаў, прычынаю затрымання Гайдукова стала ягоная актыўная грамадская дзейнасць. Перад пачаткам працэсу праваабаронцы і прадстаўнікі грамадскасці звярталіся да ўладаў з просьбаю зрабіць судовы працэс адкрытым, аднак іхнай просьбы не пачулі.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў