Пацалункі для Лукашэнкі (відэа)


Падчас візіту ў Ерэван Аляксандра Лукашэнку суправаджала невядомая бландынка. Яны разам ездзілі ў адной машыне, куды не пусцілі нават Колю.

Першая лэдзі ў цені?

Аляксандр Лукашэнка падыходзіць да лімузіна, але ягоны малодшы сын Коля не вырашаецца сесці ў бацькава аўта. Ахоўнікі таксама не ведаюць, што рабіць з Колем, адзін з іх штосьці гаворыць у рацыю. У выніку ў машыну спачатку сядае… невядомая бландынка, а Колю ахоўнікі скіроўваюць у іншае аўта.

{movie}Лукашэнка з бландынкай у Ерэване|right|11197{/movie}

Да бландынкі на задняе сядзенне сядае Аляксандр Лукашэнка. У аўце на вокнах ёсць адмысловыя фіранкі, аднак яны застаюцца адчыненыя. Праз затанаванае шкло бачна, як сілуэт жанчыны ў белай сукенцы нахіляецца да другога сілуэта (Аляксандра Лукашэнку выдае белы каўнерык кашулі). Шаптацца ў браніраваным лімузіне няма сэнсу – некалькісантыметровае шкло надзейна адразае шум з вуліцы. Больш падобна да пацалунку.

Гэтую сцэну відаць у сюжэце Першага армянскага інфармацыйнага каналу. Аляксандр Лукашэнка са сваім сынам Колем узяў удзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных асвячэнню новай царквы. Загадкавая бландынка прыехала туды разам з Лукашэнкам у адным аўце – зусім як першая лэдзі. Але калі з’явіліся журналісты – трымалася далей. У царкве яна стаяла асобна, яе не было побач з Аляксандрам Лукашэнкам і калі той выходзіў з царквы разам з прэзідэнтам Арменіі Сэржам Саргсьянам.

{movie}Урачыстаць у Ерэване. Поўнае відэа.|right|11196{/movie}

Журналістка аднаго з армянскіх агенцтваў, якая прысутнічала на ўрачыстасці, гаворыць, што побач з Лукашэнкам на публіцы гэтая жанчына не паказвалася. Таксама загадкавая бландынка –не публічная асоба ў Арменіі. Магчыма, яна прыляцела з Беларусі разам з Аляксандрам Лукашэнкам.

Колькі ў Лукашэнкі бландынак?

Упершыню загадкавую бландынку, якая з’явілася ў акружэнні Аляксандра Лукашэнкі, медыі заўважылі ў 2009 годзе. У красавіку кіраўнік дзяржавы разам са сваім малодшым сынам наведаў Ватыкан, дзе сустракаўся з Папам Рымскім.

Аднак гістарычнасць гэтага візіту і чаканне «адлігі», на якую гэтак спадзяваліся ў 2009-м, на той час аказаліся больш важкімі, чымся невядомая бландынка, якая час ад часу з’яўляся ў кадры.

У верасні таго ж года – чарговы замежны візіт Лукашэнкі, чарговы раз з Колем і чарговы раз бландынка трапляе ў кадр. Але падобна, што ўжо іншая. Журналіст літоўскага агенцтва «BNS» зрабіў фота, як з машыны картэжу дастаюць рэчы ля гатэлю. Невядомая бландынка паводзіць сябе як гаспадыня і аддае ўказанні ахоўнікам. Аднак паводле фотаздымкаў нельга адназначна сцвердзіць, што «віленская» і «ерэванская» бландынкі – розныя людзі ці наадварот – адна асоба.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў