Белсатаўскі фільм «Даволі! Да Волі…» адзначылі ў Славаччыне


Стужку Вячаслава Ракіцкага і Андрэя Куцілы адзначылі на Міжнародным кінафестывалі ў Кошыцах (Славаччына). Фільм «Белсату» ўзнагародзілі за «аповед пра імкненне грамадзянаў Беларусі да свабоды».

Стужка «Даволі! Да волі…» выйшла роўна праз год пасля Плошчы-2010. У фільме – гісторыі беларусаў, якім надакучыла жыць у хлусні. Яны выйшлі на шлях да волі ды трапілі за краты, страцілі працу, перанеслі катаванні.

Драматычныя падзеі снежня 2010 года, следчая, судовая і турэмная сістэмы паказваюцца ў фільме «Даволі! Да Волі…» вачыма ўдзельнікаў таго мірнага пратэсту.

Новая сустрэча з імі адбылася праз год пасля тых драматычных падзеяў. І сёння героі фільму працягваюць асэнсоўваць той свой паход да волі. Кожны мае ва ўяўленні свой вобраз сучаснай Беларусі.

Раней стужка атрымала ўзнагароду публікі за найлепшы дакументальны фільм на кінафестывалі «OFF» у харвацкім горадзе Опузэн.

«Узнагарода для фільму Андрэя і Вячаслава, як і папярэднія ўзнагароды на гэтым ды іншых міжнародных фестывалях, ёсць доказам таго, што дзякуючы «Белсату» беларуская кінадакументалістыка перажывае перыяд рэнесансу», – гаворыць рэдактар цыклу дакументальных фільмаў «Невядомая Беларусь» Сяргей Пеляса.

Кінастужку «Даволі! Да Волі…» можна паглядзець он-лайн у архіве тэлеканалу «Белсат».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў