У Горадні праходзіць стыхійны страйк прадпрымальнікаў


На рынку «Паўднёвы» не працуюць каля 2000 гандляроў.

Паводле лідара рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Перспектыва» Анатоля Шумчанкі, прадпрымальнікі выступаюць супраць увядзення тэхрэгламенту Мытнага саюзу «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці», які ў Беларусі мае ўвайсці ў сілу з 1 ліпеня 2013 года. Новы тэхрэгламент абавязвае прадпрымальнікаў частку тавараў аддаваць на дарагую экспертызу якасці. Пры гэтым прадукцыя, якая пройдзе праз лабараторнае правяранне, будзе непрыдатная для рэалізацыі.

Падрабязнасці новых правілаў тэхрэгламенту Мытнага саюзу – у архіўным відэа «Аб’ектыву».

{movie}Архіўны матэрыял “Аб’ектыву” пра новыя правілы тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюзу |right|11193{/movie}

Гарадзенскія прадпрымальнікі страйкуюць таксама супраць адрыўных талонаў, якія мусяць выпісваць, калі не маюць касавых апаратаў і прадаюць тавар коштам больш за Br 100 тыс. На думку гандляроў, адрыўныя талоны «вяртаюць нас у 90-я гады».

Лідар «Перспектывы» нагадаў, што папярэджваў улады пра магчымасць стыхійных пратэстаў у рэгіёнах з нагоды ўвядзення тэхрэгламенту Мытнага саюзу, і спрагназаваў, што гэткія страйкі могуць пракаціцца па ўсёй краіне.

Каб зняць напружанасць, спадар Шумчанка заклікаў органы Мытнага саюзу і, у першую чаргу, Еўразійскую эканамічную камісію прыняць мараторый на ўвядзенне ў сілу тэхрэгламенту і развязаць узніклую праблему.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў