Машыны падаражаюць. Ізноў...


Аўтадылеры – у чаканні. Паводле пакуль непацверджанай інфармацыі, у Беларусі з 1 ліпеня могуць увесці ўтылізацыйны збор на аўтамабільную тэхніку. Верагодна, зробяць гэта следам за Расеяй, якая амаль прыняла пастанову наконт усталявання гэтага тарыфу для сваіх вытворцаў – пакуль там гэтым зборам абкладаюць толькі замежную тэхніку. Беларусь вырашыла не адставаць ад партнёраў з Мытнага саюзу. Але ў Расеі пры ўвядзенні ўтылізацыйнага збору прынамсі знізілі мыта на ўвоз.

{movie}Машыны падаражаюць|right|11192{/movie}

АЛЯКСАНДР ДЗЕМІДОВІЧ, «АТЛАНТ-М ФАРЦОЙГГАНДЭЛЬ»:
“У той жа час зменшаць мытныя плацяжы ці не – пакуль пытанне застаецца адкрытым. Адпаведна, мы выходзіць на сітуацыю, калі новыя аўтамабілі ў Беларусі будуць заведама даражэй, чымся ў Расейскай Федэрацыі”.

У выпадку ўвядзення ўтылізацыйны збор плаціць будуць абавязаныя імпарцёры аўтамабіляў, а таксама прыватныя асобы ў выпадку, калі яны прывязуць машыну з-за мяжы. Якія стаўкі гэтага тарыфу? Арыентавацца будзем на Расею.

Калі легкавы транспартавы сродак увозіць грамадзянін, то за аўта да 3-х гадоў ён мусіць заплаціць $ 65. Калі машыне – болей за тры гады, то ўжо амаль $ 100. Для юрыдычных асобаў стаўкі больш вялікія ў разы. $ 2420 і $ 3870, у залежнасці ад узросту легкавіка. Для грузавікоў стаўкі яшчэ вышэйшыя – ад $ 65-ці да $ 150-ці тысяч.

У сярэднім новыя аўты падаражаюць на 5 %. У жыцці аўтадылераў, якія легальна ўвозяць аўты на тэрыторыю нашай краіны, неўзабаве пачнуцца не самыя лепшыя часы.

СЯРГЕЙ МІХНЕВІЧ, БЕЛАРУСКАЯ АЎТАМАБІЛЬНАЯ АСАЦЫЯЦЫЯ:
“Для рынку наступствы ўжо досыць драматычныя. Бо аўтадылеры зноў аказаліся ў сітуацыі няведання: што адбудзецца праз два тыдні? Мы не ведаем, як фарміраваць цэны, мы не разумеем, як заключаць дамовы”.

Але ў выніку ўсё гэта ляжа на плечы спажыўца, бо ўтылізацыйны збор будзе закладзены ў кошт аўтамабіля. Гэта натуральная плата за сяброўства Беларусі ў Мытным саюзе, якая дэманструе няроўнасць удзельнікаў гэтага інтэграцыйнага ўтварэння:

АНТОН БОЛТАЧКА, «ЛІБЕРАЛЬНЫ КЛУБ»:
“Увядзенне ўтылізацыйнага збору, у першую чаргу, закліканае абараніць унутраны рынак Мытнага саюзу і, у першую чаргу, Расеі. Бо ў Беларусі не робяць аўтамабіляў, і мы ведаем, што абараняць тут няма чаго. У нас няма айчынных вытворцаў легкавых аўтамабіляў”.

Тыя ж вытворцы, якія маюць тут свае зборныя вытворчасці, сутыкнуцца з падаражаннем сваёй тэхнікі на тэрыторыі Расеі. Але не толькі яны. Склады беларускіх прадпрыемстваў, набітыя тэхнікаю, могуць затаварыцца яшчэ болей. Бо ў выніку ўвядзення ўтылізацыйнага збору тэхніка таго ж МАЗу ўздымецца ў цане. Эксперты кажуць, што Менскі аўтазавод ужо заявіў сваім партнёрам пра верагодны рост коштаў ледзь не на 40 %.

СЯРГЕЙ МІХНЕВІЧ, БЕЛАРУСКАЯ АЎТАМАБІЛЬНАЯ АСАЦЫЯЦЫЯ:
“То бок ці гэта ў піку пратэсту па прыняцці рашэння аб утылізацыйным зборы, ці то гэта ўжо ад безвыходнасці. Сапраўды, гэта можа мець драматычныя наступствы для аўтавытворцаў”.

Для грамадзянаў жа гэта будзе значыць чарговае пагаршэнне ўзроўню жыцця. Кошты на машыны ў нас і цяпер – адныя з самых высокіх у рэгіёне. А пасля ўвядзення ўтылізацыйнага збору аўтамабіль стане яшчэ большаю раскошаю, чымся сродкам перасоўвання.

Аляксей Мінчонак, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў