У Гомлі абароняць месцы масавых расстрэлаў


Гомельскія актывісты кааліцыі «Наша альтэрнатыва» і грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» ствараюць аргкамітэт дзеля супрацьдзеяння забудове месцаў масавых расстрэлаў.

У 1990-х гадах на 9-м кіламетры дарогі Гомель–Чарнігаў усталявалі памятны крыж па ахвярах рэпрэсіяў. Тут у 1930-я гады працаўнікі НКУСу расстрэльвалі людзей. У 2007 годзе ў лесе за некалькі кіламетраў ад паклоннага крыжа выявілі чалавечыя парэшткі. Афіцыйна ўлады не прызналі, што тут пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў, але ў гэтым месцы паставілі памятны камень і паклонны крыж. У 2010 годзе актывісты парупіліся усталяваць паклонны крыж на 11-м кіламетры дарогі Гомель–Чарнігаў. Паводле сведчання жыхароў ваколічных вёсак, у 1930-х гадах у гэтым лесе расстралялі шмат людзей.

Нядаўна актывісты даведаліся, што на месцы пастаўленага ў 2010 годзе паклоннага крыжа расейская кампанія будуе лагістычны цэнтр. «Паклонны крыж стаіць на месцы масавых рэпрэсіяў. Будаванне аб’ектаў каля пахаванняў забараняецца. Мы будзем звяртацца ў розныя інстанцыі, каб супрацьдзеяць далейшай забудове гэтага сапраўды лесу смерці, які стаў магілаю шмат для якіх людзей», – заявіў каардынатар кампаніі «Гавары праўду!» Валерый Сляпухін.

«Так, лагістычны цэнтр патрэбны, але не будаваць жа яго на людскіх касцях, на памяці? Я гэта расцэньваю як зачыстку нашай тэрыторыі, спробу ўтаіць праўду аб рэпрэсіях, якую ўлады гэтак упарта замоўчваюць і не прызнаюць. Можа, невыпадкова лагістычны цэнтр будуе расейская кампанія?» – адзначыў актывіст «Нашай альтэрнатывы» Канстанцін Жукоўскі.

Ён лічыць, што гэтае будаўніцтва ўжо наўрад ці можна спыніць, але можна перадухіліць далейшую забудову месцаў масавых расстрэлаў.

МЛ / Алена Германовіч, БелаПАН

Стужка навінаў