У Магілёве суд не прызнаў членскі білет АГП пасведчаннем прыналежнасці да партыі


Партыйны білет і пасведчанне ад кіраўніцтва палітычнай арганізацыі – гэта не доказы, палічыла суддзя Юлія Трапыніна на працэсе паводле позвы сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Міхаіла Шараметава да Магілёўскага гарвыканкаму.



Пенсіянер Міхаіл Шараметаў абскардзіў адмову гарвыканкаму на правядзенне пікету ў памяць пра зніклых апазіцыйных палітыкаў, які ён збіраўся правесці 7 траўня, у дзень знікнення ў 1999 годзе экс-міністра ўнутраных справаў, сябра АГП Юрыя Захаранкі. Актывіст заяўляў месцам правядзення пляцоўку насупраць будынку Магілёўскага гарвыканкаму, у той час як выканаўчая ўлада гораду вызначыла адзіным месцам правядзення такога роду мерапрыемстваў аддалены ад цэнтру стадыён на вуліцы Чалюскінцаў.

На паседжанні суда пенсіянер заявіў сваім прадстаўніком старшыню Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзіміра Шанцава. Суду падалі партыйны білет Шараметава і выпіску з пастановы Палітрады АГП, каб актывіста абараняў іншы сябра партыі – Уладзімір Шанцаў. На дакументах стаяла пячатка і подпіс лідара АГП Анатоля Лябедзькі. Адказчык у асобе прадстаўніка гарвыканкаму Аляксандра Аскольчанкі не быў супраць гэтага хадайніцтва, пракурор падала гэтае пытанне на меркаванне суда. Суддзя Трапыніна адхіліла хадайніцтва, спаслаўшыся на тое, што няма выпіскі з пратаколу паседжання партыйнай арганізацыі, на якім Шараметава прынялі ў АГП.

Пакінулі без абароны чалавека ў той час, калі ў нас кожны мае права на абарону. Партбілет ёсць дастатковым дакументам, які пацвярджае прыналежнасць да партыі. А тут атрымліваецца: дайце даведку на гэтую даведку”, – пракаментаваў адмову суддзі Уладзімір Шанцаў.

Пры разглядзе справы пазоўнік Міхаіл Шараметаў сцвярджаў: рашэнне гарвыканкаму, якім акрэсліваецца правядзенне акцыяў у бязлюдным месцы, супярэчыць Канстытуцыі Беларусі. Ён адзначаў, што БРСМ праводзіць свае акцыі ў цэнтры гораду і пры гэтым там адсутнічаюць міліцыянты і медыкі, за паслугі якіх змушаюць плаціць апазіцыянераў пры падаванні заяўкі на пікет. Актывіст адзначыў, што гэта супярэчыць артыкулу 23 Канстытуцыі, паводле якога ніхто не можа карыстацца перавагамі і прывілеямі, неадпаведных закону.

У сваю чаргу прадстаўнік гарадскіх уладаў Аляксандр Аскольчанка падкрэсліў, што акцыі, у якіх, магчыма, удзельнічаюць сябры БРСМ, зарганізаваныя і праводзяцца гарвыканкамам, а для гэтага не трэба таго, што патрабуецца ад імпрэзаў, якія ладзяцца не ўладамі. Ён адзначыў, што пры адмове Шараметаву арганізаваць пікет, гарвыканкам кіраваўся ўсімі адпаведнымі законамі і нарматыўнымі актамі. Заслухаўшы доказы бакоў, суддзя Трапыніна адмовіла Міхаілу Шараметаву ў задавальненні позвы. Дзеяч збіраецца абскарджваць гэтую пастанову.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў