Зачыстка з перадзелам


Аляксандр Лукашэнка абрынуўся на будаўнічую галіну эканомікі і запатрабаваў да верасня знішчыць у ёй усе недахопы ды пакараць усіх датычных. Гэта – задача для працоўнай групы па праблемах будаўніцтва. Глядзіце больш у матэрыяле Марціна Ярскага!

{movie}Зачыстка з перадзелам|right|11178{/movie}

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ:
«Усе разумеюць, што гэта – вельмі сур’ёзна. Хто не разумее, вы павінны прымусіць яго зразумець. Рашэнні мусяць быць жорсткімі, адназначнымі, без зацягванняў і лішняй бюракратыі».

Працоўная група, якая і будзе вызначаць вінаватых, складаецца з прадстаўнікоў Адміністрацыі прэзідэнта, КДБ, Міністэрства ўнутраных справаў, Камітэтаў дзяржкантролю і дзяржмаёмасці ды Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры. Ёсць і абраныя прадстаўнікі будаўнічых і праектных арганізацыяў.

АЛЕГ ВОЛЧАК, ПРАВААБАРОНЦА, БЫЛЫ СЛЕДЧЫ:
«З нашым заканадаўствам, з нашаю складанаю сістэмаю атрымання ліцэнзіі, атрымання нарматыўных дакументаў, вядома ж, будуць парушэнні».

Лукашэнка заявіў, што незадаволены малымі аб’ёмамі будаўніцтва, высокімі коштамі на кватэры, якасцю працаў і карупцыяй, якая паглынае галіну. Ды паабяцаў зрабіць з зачысткі відовішча для ўсёй краіны.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ:
«Праца камісіі мусіць жорстка суправаджацца працаю медыяў».

Жорсткае суправаджэнне ўжо ўключылася.

СЮЖЭТ ТЭЛЕКАНАЛУ ОНТ:
«Аздабленне ў сваёй кватэры яна называе амаль што злачынствам. У двухпакаёўцы «пад ключ» дзіры ў сценах, вокны, якія заклінавала, і разбітыя дзверы».

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка, які раней займаўся будаўнічым бізнесам, бачыць у паказной барацьбе з карупцыяй найперш папулізм.

АНДРЭЙ БАНДАРЭНКА, ПРАВААБАРОНЦА:
«Кіраўнік дзяржавы губляе свой статус своеасаблівага сацыяльнага гаранта і не можа прапанаваць насельніцтву выканаць тыя функцыі, што выконваліся раней. Гэта – бясплатныя кватэры, ільготныя крэдыты…»

Таму патрэбныя вінаватыя. А заадно хтосьці пазбавіцца канкурэнтаў.

АЛЕГ ВОЛЧАК, ПРАВААБАРОНЦА, БЫЛЫ СЛЕДЧЫ:
«Паводле маёй інфармацыі, шмат будаўнічых арганізацыяў у сувязі са складанасцю працы пасля крызісу закрываюцца і пераносяць бізнес у Расею і Украіну. І не выключана, што тут будзе нейкі перадзел будаўнічага рынку».

І хоць пазней у Следчым камітэце кіраўнік краіны сказаў, што «недатыкальных» асобаў у нас няма, ёсць людзі, набліжаныя да прэзідэнта. Сярод іх Юрый Чыж, якога на Захадзе называюць «кашальком Лукашэнкі». Ягоная кампанія «Трайпл» займаецца перапрацоўкай і экспартам нафтапрадуктаў, будаўнічымі матэрыяламі, інвестуе ў нерухомасць і будуе.

АНДРЭЙ БАНДАРЭНКА, ПРАВААБАРОНЦА:
«Мне падаецца, на Чыжа робіцца большая стаўка, і рост коштаў на кватэры наўпрост звязаны з вялікім уплывам Чыжа на будаўнічыя рынкі».

У Менску, дзе кошт квадратнага метра найвышэйшы, якраз і пачнуць, па загадзе прэзідэнта, ператрасаць карупцыянераў, звязаных з будаўніцтвам. Незаўважна для Аляксандра Лукашэнкі ў яго пад бокам з’явілася вялізнае гняздо злачынцаў.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ:
«Той, хто карумпаваў будаўнічую галіну, той, хто прынёс найбольшыя недахопы ў гэтую галіну, той, хто займаецца махінацыямі ды парушае закон, яму месца вядома дзе».

Але што ж гэта за чалавек, які здолеў карумпаваць цэлую галіну эканомікі? У яго мусяць быць хіба неабмежаваныя паўнамоцтвы.

Марцін Ярскі, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў