Улады змілаваліся над пастарам і царквою? (Абноўлена)


Улады распачалі і тут жа спынілі чарговую спробу пазбавіць рэлігійную суполку хрысціянаў поўнага Евангелля “Царква “Новае жыццё” будынку ў Менску на вуліцы Кавалёва, 72.

Учора, 13 чэрвеня, юрыст “Новага жыцця” Сяргей Луканін атрымаў пастанову Гаспадарчага суда Менску, паводле якой суполка мусіла вызваліць памяшканне да 20 чэрвеня. Дакумент быў прыняты на падставе заявы ЖРЭА Маскоўскага раёну, якому належыць будынак.

Аднак паводле Луканіна, ужо раніцай 14 чэрвеня яму патэлефанавалі з гаспадарчага суда і прапанавалі пасля абеду забраць пастанову аб прыпыненні судовага рашэння. «Такім чынам, суд чарговым разам адмовіўся ад намеру забраць наш будынак», — адзначыў юрыст.

Луканін нагадаў, што аналагічную пастанову суд выносіў напрыканцы мінулага года. Тады справа з высяленнем нечакана скончылася тым, што ЖРЭУ адклікала пазоў. Судовая вытворчасць у той справе была спыненая і перададзеная ў архіў. “У новым дакуменце той жа тэкст, толькі зменены дні, ніякіх тлумачэнняў”, – сказаў юрыст.

Ён таксама адзначыў, што ўсё адбывалася на фоне хваробы пастара царквы Вячаслава Ганчарэнкі, якога шпіталізавалі 13 чэрвеня, яшчэ да атрымання пастановы суда.

Паводле інфармацыі на вечар 13 чэрвеня, пасля праведзенай магнітна-рэзананснай тамаграфіі дактары сцвердзілі, што ў Ганчарэнкі быў ішэмічны мікраінсульт (магчыма, інсульт). Акрамя таго, выяўлены тромб у сасудзе галаўнога мозгу ў не даступным для аперацыі месцы. У другой палове дня стан Вячаслава Ганчарэнкі пагоршыўся, яго змясцілі ў рэанімацыю.

Сёння пастару стала лепш: у яго аднавіліся зрокавыя функцыі, маўленне стала зразумелым і ён нават можа перамяшчацца па палаце, хоць і застаецца ў рэанімацыі.

“Мы не збіраемся вызваляць будынку. Пачалі штодзённую малітву. Заўтра царква будзе ў посце маліцца за здароўе пастара і захаванне будынку”, – сказаў Луканін.

Выселіць царкву “Новае жыццё” з будынку, які вернікі пабудавалі за ўласныя грошы на месцы разбуранага кароўніка 21 год таму, гарвыканкам спрабуе ўжо восем гадоў. У 2005 годзе гарадскія ўлады пазбавілі рэлігійную абшчыну права карыстацца зямельным участкам, выдзеленым ёй у бестэрміновае карыстанне. Каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемаў царквы “Новае жыццё”, у кастрычніку 2006 года вернікі правялі пост-галадоўку, якая доўжылася каля месяца. Удзельнікі галадоўкі змянялі адзін аднаго, увесь час застаючыся ў будынку царквы. Акцыя была спыненая пасля таго, як улады адступілі – сітуацыя вакол царквы атрымала шырокі міжнародны рэзананс.

У 2009 годзе ўлады пазбавілі абшчыну права ўласнасці на будынак царквы.

{movie}2012 год: высяляюць царкву “Новае жыццё”|right|11164{/movie}

АК, belsat.eu, паводле belapan.com

Стужка навінаў