Аўтар найлепшага беларускага фільму, знятага смартфонам, паедзе ў Галівуд


У Беларусі стартаваў трэці фестываль мабільнага кіно “SmartFilm”.

Фестываль ладзіць мабільны аператар “Velcom” пры падтрыманні Міністэрства культуры Беларусі.

Упершыню “SmartFilm” прайшоў у 2010 годзе. Ужо ў межах другога мабільнага кінафоруму на конкурсе было прэзентаваныя 74 фільмы, знятыя смартфонам. Сёлета арганізатары разлічваюць на яшчэ большую актыўнасць удзельнікаў.

Фестываль будзе праходзіць цягам месяца, да 13 ліпеня. У гэты час удзельнікі будуць здымаць свае фільмы і паказваць іх журы. Пры мантажы можна выкарыстоўваць спецэфекты, гукі, мелодыі, тытры і г. д. Катэгорыю для свайго фільму – “Pro” (ад 3 да 5 хвілінаў) або “Light” (да 3 хвілінаў) удзельнікі абіраюць самі.

Дарэчы, працы пасля мадэрацыі можна будзе паглядзець у інтэрнэце. У першай катэгорыі – на сайце праекту www.smartfilm.by, у другой – на старонках мабільнага аператара ў сацыяльных сетках “ВКонтакте” і “Facebook”.

Колькасць стужак, якую можа здаць аўтар, неабмежаваная. Галоўныя патрабаванні: не парушаць беларускага заканадаўства і здымаць пры дапамозе смартфона (калі ў журы будуць сумневы наконт выкарыстанай тэхнікі, могуць папрасіць зыходны матэрыял).

Ацэньваць працы ў катэгорыі “Pro” будуць прафесійныя рэжысёры і адмыслоўцы ў галіне кінематаграфіі. У катэгорыі “Light” – музыкі, радыё- і тэлевядоўцы, фатографы.

Цырымонія закрыцця і ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца 19 ліпеня. Прыз для пераможцы ў катэгорыі “Pro” – паездка ў Лос-Анджэлес (ЗША) на адну з галоўных кінастудыяў Галівуду, пераможцу ў катэгорыі “Light” дастанецца планшэт iPod з аплачаным гадавым інтэрнэт-трафікам.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu, з выкарыстаннем матэрыялаў belapan.com

Глядзі таксама
Каментары