Кнігу Віктара Марціновіча «Сфагнум» ахвотней чытаюць па-беларуску


Нечакана жывая літаратурная прэзентацыя сучаснай беларускай кнігі адбылася ўчора ў інстытуце Гётэ. Віктар Марціновіч прэзентаваў тут свой «Сфагнум» – кнігу, якая, паводле звестак «Белкнігі», ужо сталася лідаркаю продажаў траўня сярод усіх беларускамоўных выданняў.

Цікава, што ў папяровым выглядзе «Сфагнум» з’явіўся толькі па-беларуску, у перакладзе паэта Віталя Рыжкова. Расейскамоўная, арыгінальная, версія раману дасяжная кожнаму ў рубрыцы «Пяршак» он-лайнавага часопісу «34mag.net». Эксперымент з дзвюхмоўем, якое, здавалася б, было на карысць расейскамоўнай версіі, нечакана спрацаваў наадварот.

«Давайце правядзем сацыялагічнае даследаванне, – звяртаецца рэдактар «34mag.net» Антон Кашлікаў да гледачоў. – Хто гэтую кнігу чытае, чытаў ці будзе чытаць па-расейску ў электроннай версіі? [некалькі рук – «Белсат»] Хто чытае па-беларуску ці будзе чытаць? [лес рук – «Белсат»]».

{movie}Агляд падзеяў культуры|right|11153{/movie}

Кніга была эксперыментам не толькі з моўнымі полюсамі, але і з самою моваю. Упершыню Марціновіч адышоў ад героя-інтэлігента, які блукае па Стамбуле ды чытае Кафку, і напісаў гангстарскую гісторыю гопніцкім слэнгам. Дзеянне ж, у найлепшых Мележавых традыцыях, выязджае на балота. Сам Марціновіч гэтак тлумачыць абраны літаратурны фармат:

«Я гэтым разам вырашыў распавесці пра складаныя глыбінныя рэчы праз вельмі простую маргінальную мову. Гэта – не попс, гэта стылізацыя пад попс, гульня ў попс. Хутчэй поп-арт, чым папса як такая».

Колькасці людзей, якія прыйшлі на прэзентацыю, паводле Марціновіча, дастаткова дзеля цэлага чарговага накладу раману.

Іншыя тэмы: На мовазнаўчай сустрэчы з Вінцуком Вячоркам у Гомлі абмяркоўвалі пераназванне чыноўнікамі 70 гарадскіх вуліцаў. У Менску дала канцэрт дарагая амерыканская поп-дзіва Лана Дэл Рэй.

Адэля Дубавец, belsat.eu

Стужка навінаў