Мемуары суддзі Ярашэвіча – прысуд беларускай сістэме правасуддзя


Уявіце беларускага суддзю, які крытыкуе судовую сістэму і не баіцца, які сведчыць, што нашае правасуддзе карумпаванае, і не бярэ словаў назад, які сцвярджае, што прысуды дыктуюць па тэлефоне, і падае доказы. Гэты чалавек Сяргей Ярашэвіч – суддзя, які ўцёк з суда.

У Жлобіне, беларускай сталіцы металургіі ды мяккіх цацак, жыве 80 000 чалавек. адзін з іх – Сяргей Ярашэвіч. Мужчына ў самым росквіце сілаў. Худы, рост сярэдні, вочы шэрыя. Цяпер кіруе аўтасервісам, але раней…

Былы судддзя Сяргей Ярашэвіч. Фота belsat.euБылы судддзя Сяргей Ярашэвіч. Фота belsat.euРаней ён быў суддзём, потым адвакатам, пакуль ягоны былы кліент Новікаў не засудзіў Сяргея з-за рэўнасці. Вызваліўшыся з турмы, Новікаў выявіў, што ягоная былая жонка стала палюбоўніцаю ягонага ж былога адваката. Новікаў абвінаваціў адваката ў збіванні, паказаў у пракуратуры рассечаны твар і прывёў сведак. Зрэшты, сведкі пасля прызналіся, што хлусілі, але гэта ўжо не мела значэння. Адваката папрасілі з пасады, праз суд прызналі вінаватым у хуліганстве і аштрафавалі.

Апошнія восем гадоў Сяргей не пакідае надзеі апраўдацца. Правёў уласнае расследаванне, “раскалоў” ілжэсведак, сабраў доказы невінаватасці. Але ўсё марна. Пацярпелы ад сістэмы, на якую працаваў, былы суддзя Сяргей Ярашэвіч распавядае пра цёмны бок правасуддзя. Вяршэнства закону ў Беларусі хутчэй міф, чым рэальнасць, мяркуе ён.

Справа пра твар, абліты кіслатою

Кар’ера Сяргея Ярашэвіча пачалася ў 1992 годзе, пасля маскоўскага ўніверсітэту ён размеркаваўся на радзіму. У Петрыкаве прайшоў стажаванне і стаў суддзём. Папрацаваў пяць гадоў, а потым уцёк у адвакаты. Седзячы ў судзейскім фатэлі, ён бачыў шмат цікавага.

“Гэта адбылося ў 1995 годзе ў ваенным гарадку ў Жыткавічах. Жанчына з-за рэўнасці абліла кіслатою палюбоўніцу свайго мужа. Твар пацярпелай быў настолькі знявечаны, што яна згубіла сваю прывабнасць. Было мноства аперацыяў у Маскве, а пасля ейная сям’я распалася. Муж раўнівіцы быў камандзірам часткі, а палюбоўніца – прапаршчыкам. Атрымалася службовая залежнасць, сувязь праз прымус”, – прыгадвае сутнасць справы Сяргей Ярашэвіч.

У злачынкі былі магутныя апекуны. Як кажа экс-суддзя, да працэсу на ягоны службовы тэлефон пазванілі з Упраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкаму.

“Тады начальнікам працаваў Якаў Кірылавіч Азёмша, ягоны сын цяпер абласны пракурор. І па тэлефоне мне казалі: “Вы разглядаеце такую справу. Пастаўцеся вельмі кампетэнтна да яе, бо справа мае вялікі грамадскі рэзананс”. Гэта такім чынам намякалі, што я павінен мякка пакараць”, – перакладае Ярашэвіч карупцыйную мову на нармальную.

Злачынка атрымала 3 гады пазбаўлення волі. Але абласны суд вырак адмяніў. “Ведаеце, як можна па-рознаму трактаваць адзін і той жа артыкул… – з горыччу ў голасе кажа Сяргей Ярашэвіч. – А пасля гэтую жанчыну падвялі пад амністыю”.

Справа аб прадажным журналісту

“Адзін з чыноўнікаў Петрыкаўскага райвыканкаму замовіў у мясцовай газеце крытычны артыкул пра начальніка сельпо, каб прыбраць таго з пасады, – прыгадвае наш суразмоўца яшчэ адзін выпадак з практыкі. – У той час усё за талоны прадавалася. І ў газеце “За новыя рубяжы” (цяпер “Петрыкаўскія навіны”) з’явіўся артыкул “Пражэктамі баршчу не зафарбуеш” з подпісам галоўнага рэдактара Самахвалава. Журналіст крытыкаваў начальніка сельпо за талонную сістэму”.

Герой публікацыі звярнуўся ў суд з пазовам аб абароне гонару, годнасці ды дзелавой рэпутацыі. Гандляр сцвярджаў, што прадаваць насельніцтву смятану ды іншае за талоны – гэта не ягоны капрыз, а рашэнне аблспажыўсаюзу. І што інтэрв’ю, на якое спасылаецца аўтар артыкулу, не было. Артыкул паклёпніцкі, і ён хацеў апраўдацца. Улады, у сваю чаргу, таксама пачалі дзеяць.

“У дзень пасяджэння тэлефануе мне Уладзімір Іванавіч Хіля, ён цяпер начальнік аднаго з упраўленняў Мінсельгасхарчу. І просіць паставіцца да справы вельмі скрупулёзна. Я быў знаёмы з Уладзімірам Іванавічам: ён мяне прымаў на працу, ад яго ж залежала, калі мне як суддзю дадуць кватэру. Я адказваю, што справу разгледжу паводле закону”, – апавядае Ярашэвіч.

Суддзя стаў на бок начальніка сельпо: прызнаў, што артыкул, відавочна, паклёпніцкага характару, пісаўся на замову, і спагнаў з галоўнага рэдактара тры аклады. Іван Самахвалаў тут жа падаў касацыйную скаргу, і гэтае рашэнне адмянілі. “А пасля мне далі зразумець, што я трапіў у няміласць да мясцовага кіраўніцтва”, – дадае Ярашэвіч.

“Калі я ішоў на пасаду суддзі, я не быў рамантыкам, усё гэта ведаў, рыхтаваўся. Але не думаў, што ўсё адбываецца настолькі нахабна і бесцырымонна”, – дзеліцца назіраннямі Ярашэвіч.

Справа аб чарцы віна

У 1994-м пракуратура абвінаваціла аднаго грамадзяніна Расеі ў забойстве. Той выходзіў з крамы, у руках нёс віно. Ля ганку стаялі два браты. Яны папрасілі падзяліцца, а расеец нічога не даў, прыйшоў дадому, замкнуўся і пачаў выпіваць. Браты сачылі за ім, уварваліся ў дом, учынілі бойку. Гаспадар схапіў са стала нож і ўдарыў аднаго ў грудзі. Той памёр, не даехаўшы да бальніцы.

Паводле словаў суддзі, усе чакалі, што расяяніна, які ўжо быў пад судом, пасадзяць. Дый сам падсудны на апошняе паседжанне прынёс рэчы для турмы. Аднак памыліліся. Сяргей Ярашэвіч тлумачыць, чаму апраўдаў забойцу.

“Забойствы бываюць розныя. Тут была неабходная абарона. Чарка віна – ягоная ўласнасць, і распараджацца ёю – законнае права кожнага. Расеец не жадаў нікога бачыць у хаце, замкнуўся… Увогуле, пракурор мясцовы на мяне злаваўся вельмі, забег у кабінет: “Ды ты салага! Працуеш без года тыдзень і за забойства апраўдваеш?!” Я яму кажу: “Калі я не маю рацыі, няхай маю памылку выправіць абласны суд”. Абласны суд пакінуў маё рашэнне ў сіле”.

Як кажа Ярашэвіч, апраўдальны прысуд — гэта ўдар па іміджы пракуратуры, паказчык, што яна дрэнна працуе.

Змена дэкарацыяў

Пасля гэтага выпадку пра Ярашэвіча сталі казаць: “Гэты яршысты суддзя можа за тры мяхі камбікорму асудзіць, а за забойства апраўдаць”.

“За час працы суддзём я пераканаўся: як бы добра ты ні працаваў, усё роўна будзеш дрэнны. Народ з-за нізкай прававой культуры крыўдзіцца, якое б справядлівае рашэнне ні было. І заўсёды вышэйшая інстанцыя можа адмяніць прысуд, нават калі ты асудзіў згодна з законам. Адмена азначае, што ты памыліўся, што ты – дрэнны суддзя. Больш за ўсё мне было крыўдна, калі мяне лаялі незаслужана, калі выстаўлялі дурнем”, – кажа Ярашэвіч.

І ён звольніўся, каб пераехаць у Жлобін і стаць адвакатам.

Чаму асуджаюць невінаватых

Беларускія суды штогод выносяць у сярэднім 50 000 прысудаў. З іх апраўдальных – менш за 1 %.

Вядомы юрыст Гары Паганяйла лічыць гэта фактычна адсутнасцю апраўдальных прысудаў. У адным інтэрв’ю ён заявіў, што “каля траціны асобаў у месцах пазбаўлення волі застаюцца там незаконна”. І вось чаму.

Схаваныя спружыны правасуддзя

Былы суддзя Ярашэвіч тлумачыць, як насамрэч працуе сістэма: “Калі вы трапілі пад суд, вялікую ролю грае тое, ці ёсць у вас знаёмыя ва ўладзе або людзі з грашыма, якія могуць даць зразумець каму трэба, што неабходна, каб справа скончылася пэўным чынам. Суддзя ад гэтага таксама мае выгаду: ён пазбегне непрыемнасцяў. Бо кожны суддзя можа памыліцца, і начальнікі гэтую памылку могуць паказаць, а могуць “замяць” за паслугу. Хтосьці хоча прасунуцца па службовай лесвіцы і таксама не жадае сварыцца з уладамі. Да таго ж узгадненне і накіраванне на працу суддзяў адбываецца праз мясцовых чыноўнікаў. Вось такім чынам нашыя суддзі губляюць незалежнасць”, – распавядае Сяргей Ярашэвіч пра судовую кухню.

“У суддзяў з часам выпрацоўваецца абвінаваўчы ўхіл: лепш асудзіць, чым апраўдаць. Суддзю будуць больш лаяць за тое, што ён апраўдаў, чым за тое, што ён асудзіў невінаватага. Калі асудзілі мяне, сакратар пасяджэння, як бы просячы прабачэння, сказала: “Сёлета мы ўжо вынеслі адзін апраўдальны прысуд. Ліміт вычарпаны”. Так, гэта ўсё вельмі сумна”, – робіць выснову былы суддзя.

Актывістка Людміла Кучура. Фота belsat.euАктывістка Людміла Кучура. Фота belsat.euЗабойцы разам з забітымі

Беларусы, якія страцілі, як Сяргей Ярашэвіч, давер да судоў і пракуратуры, пачалі аб’ядноўвацца. У краіне дзее нефармальная супольнасць грамадзянаў, якія гадамі спрабуюць дамагчыся апраўдання сваіх сваякоў. Наш герой таксама далучыўся да гэтай групы.

Адкуль узялася група змагароў з судамі, распавядае яе актывістка Людміла Кучура – мянчанка, муж якой атрымаў 17 гадоў за забойства. “Нашая група ўтварылася дзякуючы агульнай бядзе – гэта беларускія пракуратура і суды, бо ты не ў стане адолець гэтай бяды адзін. Цяпер у нас больш за 60 чалавек. Калі б не было нашай групы, вельмі складана было б змагацца. Вось адпіска прыходзіць, і ты апускаеш рукі, а калі мы разам, то маеш падтрыманне і з’яўляюцца сілы ісці далей. Парадаксальна, але ў нашую групу ўваходзяць сваякі так званых забойцаў і сваякі забітых, якія дамагаюцца пакарання злачынцаў”, – распавядае спадарыня Кучура.

Людзі пішуць калектыўныя скаргі, разам наведваюць прыёмы ўплывовых чыноўнікаў. Здараецца, іхныя дзеянні прыносяць плён: камусьці скарачаюць тэрмін зняволення, кагосьці амністуюць. Гэтыя рэдкія перамогі даюцца з боем. І для людзей гэта паказнік: сістэма не працуе. Прэзідэнт Лукашэнка ведае пра групу шукальнікаў правасуддзя, што вельмі важна для яе ўдзельнікаў. Але ўсё адно ніхто не робіць захадаў, каб змяніць сітуацыю.

“Такое ўражанне, што ў інтарэсах уладаў, каб людзі сядзелі. Ідзе запалохванне народу: мы вас садзім, а вы маўчыце і бойцеся. А станеце рыпацца – будзе яшчэ горш”. І памаўчаўшы, жанчына з надзеяй дадае: “Але ўсё ж, калі людзі разам – гэта сіла”.

Таццяна Бублікава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары