Чаму беларускія чыноўнікі не баяцца санкцый Еўразвязу?


У Варшаве прэзентавалі справаздачу пад назваю “Дылема Еўразвязу: якім быць дыялогу з Беларуссю”. Дакумент падрыхтавала Працоўная група Камітэту міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. У справаздачы ёсць назіранні за палітычнаю ды эканамічнаю сітуацыяй у нашай краіне, даклад пра стан правоў чалавека ды стратэгічныя рэкамендацыі еўрапейскім палітыкам. Працоўны перыяд – з пачатку мінулага года.

ЮРЫЙ ДЖЫБЛАДЗЭ, КАМІТЭТ МІЖНАРОДНАГА КАНТРОЛЮ ЗА СІТУАЦЫЯЙ З ПРАВАМІ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ:

“Сітуацыя з правамі чалавека за гэты час, у параўнанні з тым, што было ў 2011 годзе і вакол падзеяў 19-га снежня 2010 года, ніколькі не палепшылася”.

Нельга сказаць, што аўтары – навічкі ў сваёй справе: гэта ўжо трэцяя іхняя справаздача.

{movie}«Дылема Еўразвязу» (12.06.2013) |right|11146{/movie}

АНДРЭЙ САННІКАЎ, БЫЛЫ ПАЛІТВЯЗЕНЬ, ЭКС-КАНДЫДАТ НА ПРЭЗІДЭНТА:

“Сённяшні даклад, я лічу, можа быць, найбольш грунтоўны, бо яны прааналізавалі, што такое санкцыі Еўразвязу, як яны працуюць. І прыйшлі да высновы, што не працуюць”.

Бо між Беларуссю і Аб’яднанаю Еўропаю працуюць матэрыяльныя інтарэсы, кажуць аўтары дакументу.

ВОЛЬГА ЗАХАРАВА, КАМІТЭТ МІЖНАРОДНАГА КАНТРОЛЮ ЗА СІТУАЦЫЯЙ З ПРАВАМІ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ:

“Бізнес інтэрнацыянальны і ён дзее значна больш эфектыўна і амаральна, чымся, напрыклад, праваабаронцы”.

Таму візавыя абмежаванні для беларускіх чыноўнікаў і алігархаў, датычных рэпрэсіяў, не спрацоўваюць. І жыць пад ціскам дзяржаўнай машыны беларусам усё цяжэй.

ЮРЫЙ ДЖЫБЛАДЗЭ, КАМІТЭТ МІЖНАРОДНАГА КАНТРОЛЮ ЗА СІТУАЦЫЯЙ З ПРАВАМІ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ:

“Узмацніўся ціск на палітвязняў. І псіхалагічны, і фізічны ціск з мэтай выбіць з іх прашэнне аб памілаванні, прызнанне віны. Толькі ў гэтым выпадку рэжым гатовы іх выпусціць, каб яны ўжо былі бяспечнымі”.

Палітвязняў не выпусцяць проста так, мяркуе Юрый Джыбладзэ. Толькі ў абмен на эканамічныя саступкі ад Еўразвязу. І гэта яшчэ не ўсё.

ЮРЫЙ ДЖЫБЛАДЗЭ, КАМІТЭТ МІЖНАРОДНАГА КАНТРОЛЮ ЗА СІТУАЦЫЯЙ З ПРАВАМІ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ:

“Усе гэтыя прынятыя законы, рэпрэсіўныя папраўкі 2011 года, яны цяпер працуюць напоўніцу. Гэта датычыць і свабоды сходаў, і свабоды аб’яднанняў, свабоды выражэння меркаванняў. Не спыняюцца рэпрэсіі адносна журналістаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці і незалежных адвакатаў”.

У грамадстве пануе атмасфера страху, зазначаюць аўтары дакументу. І трэба штосьці мяняць.

ВОЛЬГА ЗАХАРАВА, КАМІТЭТ МІЖНАРОДНАГА КАНТРОЛЮ ЗА СІТУАЦЫЯЙ З ПРАВАМІ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ:

“Мы прэзентавалі нашыя папярэднія справаздачы ў Бруселі ў Еўразвязе, яны былі сустрэтыя з дастаткова вялікай цікавасцю. Інфармацыю выкарысталі, мы гэта ведаем”.

Хоць Брусель атрымлівае і аптымістычныя справаздачы, згодна якіх у Беларусі жыццё наладжваецца, а свабодаў усё больш, і можна дамаўляцца пра пацяпленне адносінаў. Такім быў дакумент ад дэлегата Еўрапарламенту Юстаса Палецкіса. Праўда, не ўсе ўспрымаюць такі аптымізм. Іншы еўрадэпутат, Марэк Мігальскі, паведаміў, што ўнёс у справаздачу Палецкіса 20 паправак. Яны датычаць праблемаў масавых арыштаў, палітычна матываванага крымінальнага пераследу апазіцыі ды рэпрэсіяў супраць праваабаронцаў і незалежных журналістаў.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў