Прыехаў на афіцыйную імпрэзу, а судзіць будуць за недазволеную акцыю


На баранавіцкага актывіста Віктара Сырыцу склалі пратакол аб адміністратыўным парушэнні за «арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства».

Старэйшы лейтэнант Баранавіцкага РАУСу Дзяніс Майсеня напісаў у пратаколе, што Віктар Сырыца «правёў грамадска-масавае мерапрыемства «Мілавідскі фэст памяці касінераў», арганізацыю якога забараніў Баранавіцкі райвыканкам».

«У пратаколе напісана, што я парушыў частку 2 артыкулу 23.34 Адміністратыўнага кодэксу (арганізацыя і правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства). Я пратакол падпісаў, але дапісаў, што катэгарычна не згодны з абвінавачаннем», – распавёў Віктар Сырыца.

Актывіст дапісаў пад пратаколам, што 5 траўня ён атрымаў ліст з райвыканкаму, у якім яму паведамілі, што 2 чэрвеня аддзел культуры райвыканкаму праводзіць мерапрыемства, прысвечанае 150 угодкам Мілавідскай бітвы. «Таму я напісаў, што я – не арганізатар, а прыехаў узяць удзел у афіцыйным мерапрыемстве».

Міліцыянт паведаміў актывісту, што пратакол сёння ж адправяць у суд, таму праз пару дзён прыйдзе позва. Паводле выстаўленага артыкулу, Віктару Сырыцы пагражае штраф ад 20 да 40 базавых велічыняў або адміністратыўны арышт.

Ушанаванне 150-х угодкаў Мілавідскай бітвы адбылося 2 чэрвеня ў Баранавіцкім раёне. Што было на імпрэзе, дэманструе архіўнае відэа “Белсату”:{movie}У Мілавідах узгадалі пераможную бітву касінераў |right|11132{/movie}

У траўні мясцовыя ўлады двойчы забаранілі Віктару Сырыцы правядзенне «Мілавідскага фэсту памяці касінераў», але ў выніку паведамілі, што 2 чэрвеня а 12 гадзіне ў Мілавідах будзе ладзіцца афіцыйнае мерапрыемства. Таму спадар Сырыца, як і шмат якія прадстаўнікі грамадскасці, вырашыў узяць удзел у афіцыйнай акцыі.

Мілавідская бітва, якая адбылася 22 траўня (3 чэрвеня), – найбуйнейшае вайсковае супрацьстаянне паміж паўстанцамі ды расейскімі карнікамі на тэрыторыі Беларусі ў часе паўстання Кастуся Каліноўскага. У выніку бітвы рэгулярнае царскае войска вымушанае было адступіць па дапамогу. Кіраваў паўстанцамі, якіх акурат напярэдадні бітвы інспектаваў Кастусь Каліноўскі, – Аляксандр Лянкевіч.

Сёлета дэмакратычная грамадскасць адзначае 150-ыя ўгодкі паўстання 1863–64 гадоў. Аднак афіцыйныя ўлады ігнаруюць гэты дзень. У студзені ў Беларусі прайшла навуковая канферэнцыя, на якой дзяржаўныя ідэолагі назвалі Кастуся Каліноўскага экстрэмістам і хуліганам, які «глыбока ненавідзеў беларускі народ».

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў