Аўтары праекту «Спадчына Беларусі» падаюць у суд на аўтараў кнігі «Краіна Беларусь»


«Цяпер наш юрыст рыхтуе заяву ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь», – гаворыцца ў інфармацыйным паведамленні аўтараў выдавецкага праекту «Спадчына Беларусі» Алега Лукашэвіча і Аляксандра Аляксеева.



Аўтары кнігі-альбому серыі «Спадчына Беларусі» сцвярджаюць, што стваральнікі «Краіны Беларусь. Ілюстраваная гісторыя» скралі 22 фотаздымкі, зробленыя адмыслова для «Спадчыны Беларусі».

«Мы з цікавасцю вырашылі азнаёміцца з новым выданнем тандэму Арлоў–Герасімовіч, – заяўляюць Лукашэвіч і Аляксееў. – Аднак задавальненне ад кнігі сышло, калі адзін за адным мы пачалі пазнаваць свае фотаздымкі помнікаў архітэктуры і прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Іх было не адзін, не два, нават не пяць, а 22 адзінкі. Цікава, што пад некаторымі нашымі фотаздымкамі стаяў подпіс: «фотаздымак Змітра Герасімовіча» ці проста «Сучаснае фота».

{movie}Архіўны матэрыял “Аб’ектыву” пра “Краіну Беларусь”|right|11131{/movie}

Гаворачы аб выданні «Спадчына Беларусі», аўтары адзначаюць, што «ў кнігах ўсё – ад дызайну да фотаздымкаў» – зробленае іхнымі рукамі. «Мы першыя ў 2004 годзе ў адным альбоме паказалі архітэктурныя і гістарычныя каштоўнасці ўсіх рэгіёнаў краіны. Такога да нас ніхто не рабіў. Так, былі альбомы пра Беларусь з краявідамі, з этнаграфіяй, з дзясяткам помнікаў і гэтак далей. Аднак змясціць амаль 500 фотаздымкаў архітэктурных і гістарычных шэдэўраў пад адною вокладкаю, паказаць вялікае мінулае нашай краіны нікому не ўдавалася. Мы гэта ажыццявілі першыя», – адзначылі Лукашэвіч і Аляксееў.

Гэта – не першы выпадак, калі нашыя здымкі нахабна крадуць. Мы ўжо выйгралі некалькі гэткіх спраў у судзе. І далей будзем абараняць тое, што належыць нам, заявілі яны.

Аўтар кнігі «Краіна Беларусь» Уладзімір Арлоў паведаміў, што пра рашэнне аўтарскага калектыву «Спадчыны Беларусі» падаць у суд чуе ўпершыню. «Не ведаю, чым выкліканае такое рашэнне, і дзіўна, што яны толькі праз дзесяць гадоў знайшлі быццам бы скрадзеныя здымкі ў нашай кнізе. У перакладных выданнях тыя ж самыя ілюстрацыі, што і ў кнізе, якая была выдадзеная ў 2003 годзе».

«Для мяне гэта вельмі нечаканая інфармацыя. Ніякіх ілюстрацыяў я не краў і не мог гэтага зрабіць, бо «Краіна Беларусь» выйшла ў 2003 годзе, а кніга Лукашэвіча і Аляксеева праз год, у 2004-м. Я падрыхтаваў усе ілюстрацыі для кнігі яшчэ ў 2002 годзе», – адзначыў мастак, які працаваў над ілюстрацыямі да кнігі «Краіна Беларусь», Дзмітрый Герасімовіч.

Герасімовіч дадаў, што не разумее, чаму Лукашэвіч, з якім ён знаёмы асабіста, перад тым, як звяртацца ў суд, не звязаўся з ім, каб перагаварыць.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў