Суд у "шпіёнскай справе": вінавацяць у супрацы з ЗША


Працэс супраць 23-гадовага аператара Наваполацкага НПЗ “Нафтан” будзе праходзіць у закрытым рэжыме, нягледзячы на пратэсты грамадскасці. Разгляд справы распачынаецца сёння ў Віцебскім абласным судзе.

Андрэя Гайдукова затрымалі 8 лістапада 2012 года. Паводле версіі следства – “у момант закладкі тайніка са звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы”. Пасля затрымання яго перавялі ў следчы ізалятар КДБ у Менск. Потым маладога чалавека неаднаразова перавозілі з Менску ў Віцебск і назад. Паводле арт. 356 Крымінальнага кодэксу (“здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці”), Гайдукову пагражае ад 7 да 15 гадоў турмы.

“Вінавацяць у супрацы з ЗША”

За ўсе сем месяцаў, што Гайдукоў знаходзіцца за кратамі, ён не атрымаў ніводнага спаткання з бацькамі. Таму ніякіх падрабязнасцяў справы ніхто з блізкіх і паплечнікаў не ведаў. Паводле Радыё “Свабода”, Маці Андрэя Вольга Гайдукова хоча быць сведкаю на судзе – хадайнічаць пра гэта маюць адвакаты. Для жанчыны гэта адзіная мажлівасць пабачыць сына.

Аднак учора каардынатарка Хрысціянскай дэмакратыі ў Віцебску Таццяна Севярынец атрымала ад зняволенага ліст, паведамляе “Наша ніва”. У ім Гайдукоў піша: «Я абвінавачваюся ў тым, што мог пагражаць нацыянальнай бяспецы, што характарызуецца як замах на канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь; навязванне Рэспубліцы Беларусь палітычнага курсу, які не адпавядае яе нацыянальным інтарэсам. Характар магчымай шкоды можа выражацца ў дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнай сітуацыі. У тым, што шукаў фінансаванне на сваю дзейнасць у фондзе пасольства ЗША (ЦРУ ЗША па версіі КДБ)».

“Гайдукоў не ведае ангельскай мовы”

Андрэй Гайдукоў – лідар незарэгістраванага грамадскага аб’яднання “Саюз маладых інтэлектуалаў” і актывіст аргкамітэту дзеля стварэння партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД). Менавіта гэта, на думку шмат каго, і стала прычынай яго затрымання.

{movie}Канстанцінаў: Гайдукоў не ведае англійскай мовы|right|11128{/movie}

Сябра “Саюзу маладых інтэлектуалаў” Яўген Канстанцінаў распавядаў “Белсату”, што Гайдукова вінавацяць у супрацы з “Сі-Ай-Эй” (ЦРУ), хоць той не ведае ангельскай мовы і ніякімі дзяржаўнымі таямніцамі валодаць не мог. Ён таксама распавёў, што працаўнікі спецслужбаў прыходзілі да Гайдукова яшчэ і перад затрыманнем. А напярэдадні арышту ў Віцебску ён меўся некаму перадаць “пэўныя матэрыялы, якія датычылі апазіцыйнай дзейнасці”. За гэта, паводле Канстанцінава, калегу і затрымалі. Менавіта ў той час маладзёны збіралі дакументы, каб зарэгістраваць сваю арганізацыю.

“Магчыма, Гайдукоў зойме месца кагосьці з палітвязняў”

Праваабаронца цэнтру “Вясна” Наста Лойка выказвала ў эфіры “Белсату” меркаванне, што Андрэй Гайдукоў зойме за кратамі месца палітвязня, якога выпусцяць на волю: уладам патрэбныя закладнікі, каб гандлявацца з Захадам. Паводле яе, на апраўдальны прысуд у беларускіх умовах разлічваць цяжка. Аднак праваабаронца не выключае, што падчас судовага працэсу пракурор зменіць свае патрабаванні на больш мяккія: “Магчыма, падчас следства гэтага не хацелі рабіць, бо давялося б абгрунтоўваць, чаму ён гэтак доўга застаецца пад вартаю”.

{movie}Праваабаронца: Магчыма, “шпіён” Гайдукоў зойме месца вызваленага палітвязня|right|11127{/movie}

Напярэдадні суда група праваабаронцаў, а таксама грамадскіх і палітычных дзеячаў выступіла са зваротам да старшыні Вярхоўнага суда Беларусі Валянціна Сукалы, генпракурора Аляксандра Конюка і старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка. У ім утрымліваецца патрабаванне зрабіць судовы працэс над Андрэем Гайдуковым адкрытым. “Мы лічым “сакрэтнасць” гэтай палітычнай справы спробай утаіць ад грамадскасці дэталі расследавання і адсутнасць доказаў”, – гаворыцца ў звароце.

АК, belsat.eu, з выкарыстаннем матэрыялаў nn.by, belapan.com

Стужка навінаў