Ахвяры стыхіі ці... абыякавасці?


Рэкі Беларусі паступова вяртаюцца ў свае берагі пасля паводкі. Але вада не адступае. На Гомельшчыне ва ўладзе стыхіі ўсё яшчэ застаецца вёска Мардзвін.

{movie}У палоне вады|right|11123{/movie}

АЛЕНА ЕЎЛАШ, ЖЫХАРКА ВЁСКІ:
“Агарод у мяне ўвесь затоплены, дровы і сена ўсе ў глеі ўтапіла”.

НАДЗЕЯ БУРАКЕВІЧ, ЖЫХАРКА ВЁСКІ:
“У нас усе пажухла, пагніло ў хаце. І падлога, і сцены – усё на свеце”.

Дамбу, якую прарвала яшчэ 18 красавіка, аднавілі, а вызваліць вёску ад вады, якая стаіць, як у калодзежы, не атрымоўваецца.

Меліярацыйныя помпы сапсаваліся, бо электрашчыты былі залітыя вадою. Спрабавалі адпампоўваць ваду і вадапомпамі, але праз два дні перасталі, бо вынік мізэрны, а выдаткі вялікія. Час жа цісне.

ЛЕАНІД ПРЫКОТА:
“Летась 11 красавіка пасадзіў бульбу, і ў гэты час ужо яе грэбалі, пачынала квітнець. А сёння, бачыце, – возера. Яшчэ не кідалі бульбу – але ўжо і ўсё”.

Апошняя надзея людзей, якія літаральна жывуць з зямлі ды змагаюцца штогод з вялікаю вадою, – выплаты ад страхавых кампаніяў.

МІКАЛАЙ:
“Мы плацім страхоўку абавязковую, добраахвотную – але з іх ніхто не прыехаў, дзе яны прапалі? Абяцалі прыехаць, людзі чакалі. Чаму?”

Турбуе мясцовых і яшчэ адно пытанне: разліў Прыпяці адбываецца амаль штогоду – аднак чаму дамбу, якая абараняе вёску, і гэтым разам не ўмацавалі?

АНАТОЛЬ ХАМЕЦ , ГРАМАДСКІ АКТЫВІСТ:
“Шырыня дамбы роўна 10 метраў. І паглядзіце – 20–30 метраў ідзе рака Прыпяць. І паглядзіце – голы чысты пясок. І калі вада прыбыла – дамба стала, як каша, і проста раз’ехалася”.

А таму не дзіва, што з-за прарыву, які склаў 20 метраў, цягам дзвюх гадзінаў узровень вады ў вёсцы быў большы за метр. На аднаўленчыя працы і злучэнне дамбы дзяржава вылучыла 120 тонаў друзу і 796 кубаметраў пяску. Але, на меркаванне мясцовых, наноў засыпаць дамбу было памылкаю. Выдаткі вялікія, а ў выніку вада па-ранейшаму не сыходзіць.

Вольга Саўле, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў