Ірыну Халіп адмаўляюцца абараняць адвакаты


Бацькі журналісткі хвалююцца, што іхная дачка можа застацца без незалежнага абаронцы.

Адвакатка Тамара Гараева пазваніла сёння бацькам Ірыны і паведаміла, што не будзе абараняць журналістку. Адвакатка сцвярджае, што рашэнне прыняла самастойна без усялякага ціску. Раней абараняць жонку экс-кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава адмовіўся адвакат Уладзімір Тоўсцік.

“Мне стала вядома, што Тоўсціку пагражалі, што забяруць ліцэнзію, таму ён быў вымушаны адмовіцца”, – гаворыць Уладзімір Халіп. Бацька журналісткі ўпэўнены, што і Тамара Гараева прыняла сваё рашэнне пад прымусам.

Як патлумачыў “Белсату” кіраўнік юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла, адвакат не мае права адмовіцца ад сваіх прафесійных абавязкаў, тым больш калі была заключаная пісьмовая дамова на аказанне паслугаў: “Гэта сур’ёзна караецца законам, ажно да пазбаўлення ліцэнзіі”. Калі ёсць факты ціску на адваката, ён мусіць інфармаваць пра гэта прэзідыум Калегіі адвакатаў, каб той прыняў адпаведныя захады па недапушчэнні такой сітуацыі, тлумачыць Гары Паганяйла.

Уладзімір Халіп мяркуе, што на адвакатаў націснулі так, што яны вырашылі лепш парушыць прафесійную этыку і атрымаць дысцыплінарнае спагнанне, каб не пацярпець больш сур’ёзна. Бацька Ірыны Халіп не выключае, што ўсё робіцца для таго, каб прымусіць журналістку звярнуцца да паслугаў дзяржаўнага абаронцы. “Мы цяпер тэрмінова шукаем адваката, але, самі ведаеце, у краіне арыштавана столькі народу, што знайсці вольнага адваката вельмі цяжка”, – адзначае Уладзімір Халіп.

belsat.eu

Стужка навінаў