Маладзён, які адкрыў сакрэты ЦРУ, збег у Ганконг


Эдўард Сноўдэн плануе папрасіць палітычны прытулак у Ісландыі ды заяўляе, што не чакае нічога добрага для сябе.



Брытанская газета “Guardian” раскрыла асобу інфарматара, які арганізаваў серыю ўцечак пра дзейнасць выведкі ЗША. Гэта 29-гадовы Эдўард Сноўдэн, былы працаўнік тэхнічных службаў ЦРУ.

Паводле крыніцы, Сноўдэн працуе ў кансалтынгавай кампаніі “Booz Allen Hamilton”. Ягонае імя, як адзначае газета, раскрылі на просьбу самога Сноўдэна. Той паведаміў на мінулым тыдні, што амерыканскія спецслужбы атрымалі доступ да звестак пра мільёны тэлефонных званкоў, а таксама да сэрвераў найбуйнейшых інтэрнэт-кампаніяў.

“Я не хачу жыць у грамадстве, у якім адбываюцца такія рэчы. Я не хачу жыць у свеце, дзе ўсё, што я раблю, запісваецца”, – падае словы Эдўарда Сноўдэна “Guardian”. Кажучы пра сваю будучыню, маладзён, які ўцёк у Ганконг, прызнаўся, што не чакае нічога добрага. Ён з’ехаў у Ганконг, бо там “моцныя традыцыі свабоды слова”.

Былы працаўнік ЦРУ разглядае магчымасць папрасіць палітычны прытулак у Ісландыі, аднак зрабіць гэта можна толькі перабываючы на тэрыторыі Ісландыі.

Усе амерыканскія інтэрнэт-кампаніі адмаўляюць перадачу звестак сваіх сэрвераў амерыканскаму ўраду.



Правяраліся дадзеныя замежнікаў

Як мяркуюць, сакрэтная праграма “Prism”, пра якую распавёў Сноўдэн, дазваляе ФБР і Нацыянальнаму агенцтву бяспекі атрымліваць доступ да электроннай пошты, перапісцы ў ўэб-чатах ды іншых камунікатарах.

Звесткі выкарыстоўваюцца для выяўлення замежных грамадзянаў, якіх падазраюць у тэрарыстычнай дзейнасці і шпіянажы.

У суботу кіраўнік Нацыянальнай выведкі ЗША Джэймз Клэпэр прызнаў, што ўлады краіны сапраўды атрымліваюць звесткі пра карыстальнікаў інтэрнэт-кампаніяў. Аднак, як сцвярджае Клэпэр, гэта датычыць толькі карыстальнікаў, якія не ёсць амерыканцамі.

За сакрэтную праграму заступіўся прэзідэнт



Таямніца тэлефонных размоваў абароненая чацвёртай папраўкай да Канстытуцыі ЗША, якая забараняе неабгрунтаваную сачэнне. Аднак гэта абмежаванне не распаўсюджваецца на інфармацыю, якой валодае трэці бок – у прыватнасці, тэлефонная кампанія. Гэта значыць, звесткі пра час і працягласць тэлефонных размоваў могуць адсочвацца ўладамі ЗША.

У пятніцу прэзідэнт Оўбама выступіў з абаронаю праграмы сачэння, заявіўшы, што яна ўяўляе з сябе нязначнае ўмяшальніцтва ў прыватнае жыццё, неабходнае для абароны грамадзянаў ад нападаў тэрарыстаў: “Ніхто не слухае вашыя тэлефонныя размовы”, – сказаў Барак Оўбама, падкрэсліўшы, што праграму адобрыў кангрэс.

МЯ, belsat.eu, паводле Бі-Бі-Сі

Стужка навінаў