«Белсат» узяў удзел у футбольным турніры памяці Юрыя Шырокага


Перад пачаткам турніру адбыліся дзве хвіліны маўчання: адна – па былым намесніку дырэктара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Юрасю Шырокім, а наступная – у гонар нядаўна памерлага журналіста радыё «Свабода» Юрася Бушлякова.

Турнір па міні-футболе памяці Юрася Шырокага, які раптоўна пайшоў з жыцця ад вострай сардэчнай недастатковасці ў 2008 годзе, прайшоў на адкрытых пляцоўках спарткомплексу Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту ў Менску ўжо пяты раз.

У спаборніцтвах бралі ўдзел сем камандаў – тэлеканалу «Белсат», Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), БелаПАНу, «Еўрарадыё», парталу «Tut.by», радыё «Свабода» і дружына «Сябры Юрыя Шырокага».

{movie}«Белсат» узяў удзел у футбольным турніры памяці Юрыя Шырокага |right|11088{/movie}

Гульні праходзілі ў дзвюх групах, найлепшыя каманды якіх і сталіся фіналістамі турніру. У вырашальнай гульні каманда «Еўрарадыё» была мацнейшая за БАЖ – 2:1. Трэцяе месца другі раз запар занялі «Сябры Юрыя Шырокага».

Белсатаўцы бралі ўдзел у турніры другі раз, аддана змагаючыся за кубак ды не шкадуючы сябе і ўласных сілаў. «Нашая каманда яшчэ маладая, яна выступае толькі другі год. Мы яшчэ, можа, не цалкам згуляныя, але кроў на турніры пралівалі чэсна», – адзначыў прадстаўнік «Белсату» Міхась Янчук, які падчас спаборніцтва бараніў браму незалежнага тэлеканалу.

На сёлетнім турніры, апроч Юрыя Шырокага, ушанавалі таксама памяць іншага журналіста і мовазнаўцы, прадстаўніка беларускай службы радыё «Свабода» Юрася Бушлякова, які праз цяжкую хваробу пайшоў з жыцця некалькі дзён таму. «Ён вельмі любіў футбол, усе ведалі ягонае захапленне, быў фанатам і сам гуляў у футбол», – распавёў прадстаўнік радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў